У Менску гарэў цэх перапрацоўкі ізаляцыйных матэрыялаў



У Менску ў выніку пажару на прадпрыемстве пацярпеў адзін чалавек.

Як паведамляе Менскае гарадское ўпраўленне МНС, 10 верасня ў 10.33 ад работніка СТАА „Паліфас” паступіла інфармацыя аб узгаранні ў складзе па вуліцы Сяліцкага, 9.

Было ўстаноўлена, што на тэрыторыі ААТ „Упраўленне вытворча-тэхналагічнай камплектацыі” ў вытворчым будынку цэха перапрацоўкі цеплагукаізаляцыйных матэрыялаў (фальгаванне і дубліраванне), які арандуецца СТАА „Паліфас”, загарэўся палімерны ўцяпляльнік і поліэтыленавая ўпакоўка ў вытворчым цэху на плошчы 20 кв. м.

Эвакуацыя не праводзілася (работнікі самастойна пакінулі будынак да прыбыцця падраздзяленняў МНС). Пацярпеў мужчына 1960 года нараджэння, майстар цэха, які з апёкамі цела 1—3-й ступені (20%) шпіталізаваны ў бальніцу хуткай медыцынскай дапамогі.

Пажар ліквідаваны ў 11.05. У выніку была пашкоджана маёмасць (тры станкі — фальгавання, дубліравання і плазменнага рэзання), гатовая прадукцыя (палімерны ўцяпляльнік), закураныя памяшканні цэха.

Прычына пажару ўстанаўліваецца. Меркаваная версія — механічнае разбурэнне вузлоў і дэталяў станка IGFPM-135 (пашкоджанне тэна).

belapan.by