Як ціхары затрымлівалі анархістаў у Менску



У Менску, Магілёве і Гародні адбыліся акцыі пратэстаў супраць Дэкрэту №3. У Гародні ў Маршы – мы не дармаеды” прынялі ўдзел каля 800 чалавек. Больш за 500 чалавек пратэставалі ў Магілёве. У Менску на вуліцы выйшлі каля трох тысячаў чалавек.

З беларускай сталіцы паведамляе наш карэспандэнт Павел Генадзіч:

– Акцыя ў Менску завершана. У акцыі прынялі ўдзел каля 3 тысяч чалавек. З большага акцыя прайшла вельмі мірна. Без ніякіх эксцэсаў. Адзінае, на гэты момант стала вядома, што была затрыманая група анархістаў, якая брала ўдзел у гэтым маршы. Ім інкрымінуецца менавіта тое, што яны закрывалі твары, што забараняецца беларускім заканадаўствам. Іншых звестак пра затрыманні на гэты момант няма.

Як перадае карэспандэнт БелаПАН, каля 19.10 невядомыя ў цывільным наладзілі бойку з прадстаўнікамі анархісцкага руху. Анархісты, узяўшыся адзін за аднаго, накіроўваліся на прыпынак грамадскага транспарту ў раёне плошчы Бангалор — на вуліцу Багдановіча ў бок цэнтра горада. Асобы ў цывільным спрабавалі выхапіць з групы некалькі чалавек, аднак ім гэта не ўдалося. Анархісты паспелі сесці ў тралейбус і паехаць. Супрацоўнікі ў цывільным перадалі па рацыі аб тым, куды яны едуць.

Адзін з відавочцаў паведаміў БелаПАН, што стаў сведкам затрымання каля двух дзясяткаў людзей, якія вярталіся з акцыі ў тралейбусе па вуліцы Багдановіча. Большасць з затрыманых — анархісты. Яны прыйшлі на акцыю з барабанамі, іх спрабавалі затрымаць яшчэ на плошчы Бангалор, але ў той момант людзі іх „адбілі”. Паводле слоў відавочцы, людзей сілком выцягвалі з тралейбуса мужчыны ў цывільным адзенні, якія ўрываліся ў транспарт, адкрываючы сілай ужо зачыненыя дзверы. Міліцыі ў форменным адзенні не было. Разам з анархістамі былі затрыманыя і іншыя ўдзельнікі акцыі, якія спрабавалі абараніць іх ад арышту.

Інфармацыю пра затрыманні пацвярджаюць праваабаронцы, колькасць затрыманых і іх імёны ўдакладняюцца. Вядома, што ў ліку затрыманых дзве дзяўчыны: Яўгенія Пракопчык і Марына Дубіна — юрыст экалагічнага таварыства „Зялёная сетка”. Мяркуецца, што яны дастаўлены ў РУУС Першамайскага раёна.

Беларускае Радыё Рацыя