У Менску прайшла акцыя пратэсту прадпрымальнікаў



На Кастрычніцкай плошчы Менска прайшла акцыя пратэсту супраць указа Лукашэнкі № 222 „Аб рэгуляванні прадпрымальніцкай дзейнасці і рэалізацыі тавараў індывідуальнымі прадпрымальнікамі і іншымі фізічнымі асобамі”.

D3A01D59A4FE007B1DB661D49D0E0D97F110D2EDC55B00F2BApimgpsh_fullsize_distr

14D474FEAE6F9C786CE3CE11FE5DDFEAD794C027D23CD0B6F0pimgpsh_fullsize_distr

^69AA2ED893D251387148D3C721494CFDAD0647E9A1D71EC2B3^pimgpsh_fullsize_distr

(Фота racyja.com)

У Менску апоўдні адбыўся несанкцыянаваны мітынг пратэсту прадпрымальнікаў. Афіцыйная заяўка была адмененая. Канфлікт узнік у выніку прэзідэнцкага ўказу №222, што забараняе гандляваць таварамі без сертыфікацыі прадукцыі. Акцыю падтрымалі вядомыя апазіцыйныя палітыкі Мікола Статкевіч, Уладзімір Някляеў, Анатоль Лябедзька.

Кажа адзін з удзельнікаў акцыі:

– Мяне завуць Станіслаў, я прыехаў з Магілёва.

РР: Вы стаіце з нашым гербам “Пагоня”. Чаму вы прыйшлі на акцыю прадпрымальнікаў?

– Падтрымаць саміх індывідуальных прадпрымальнікаў. Бо становішча складанае. З кожным днём усё горш і горш. Таму і прыйшоў сюды. Не задавальняе становішча. Гэты рэжым ужо 22 гады існуе. Не працуюць законы. З 1996 года гэтая ўлада злачынная.

pl4_160215-u9idd

(Фота nn.by)

11.50 Зараз тут каля 30 чалавек, шмат журналістаў. З вядомых палітыкаў на акцыю прыйшлі Павел Севярынец, Максім Вінярскі, Павел Вінаградаў, Дзмітрый Кучук (партыя „Зялёныя”).

12.00 Колькасць удзельнікаў акцыі расце. На плошчы ўжо каля 300 чалавек. Прыйшлі Мікалай Статкевіч, Уладзімір Някляеў, Анатоль Лябедзька, Алесь Макаеў. Людзі, якія сабраліся, трымаюць расцяжкі з надпісамі: „Праца!”, „222: рост беспрацоўя”, „За свабоду прадпрымальніцтва”, „Стоп 222”.Прадстаўнік Беларускай партыі „Зялёныя” Дзмітрый Кучук заявіў БелаПАН: нягледзячы на тое, што сёння ён — дырэктар прадпрыемства, з 18 гадоў ён працаваў як ІП. Паводле яго слоў, указ „222 закрануў у тым ліку і „зялёны бізнес”. „Прадпрымальнікі, якія завозілі тавар з Расіі па экалагічных стандартах, зараз не могуць яго тут прадаваць”, — сказаў Кучук. Пры гэтым ён падкрэсліў важнасць салідарнасці з ІП ўсіх слаёў бізнесу.

12.15 Актывіст руху „За Свабоду”, былы ІП Алесь Талстыка першым выступіў на мітынгу. Паводле слоў Талстыкі, яго абразілі параўнанні Лукашэнкі ІП з бандытамі. Талстыка распавёў, што звярнуўся да дырэктара школы, дзе вучацца яго дзеці, з просьбай змяніць яго працоўны статус з прадпрымальніка на бандыта. „А затым, як у 1937 годзе, маіх дзяцей, напэўна, павінны расстраляць ці не дазваляць ім працаваць у Беларусі”, — выказаў меркаванне выступоўца. Паводле слоў Талстыкі, ён гатовы чакаць, калі да прадпрымальнікаў выйдуць чыноўнікі з Адміністрацыі прэзідэнта.

Да ўсіх патрабаванняў, якія сёння вылучаюць уладам ІП, Талстыка прапанаваў дадаць патрабаванне афіцыйна зарэгістраваць тэлеканал „Белсат”, які, на яго думку, больш аб`ектыўна асвятляе праблемы прадпрымальнікаў, чым дзяржаўныя тэлеканалы.

На гэты момант на плошчы знаходзіцца каля 500 чалавек.

12.30 Старшыня савета прадпрымальнікаў аднаго з рынкаў Слуцка па імені Сафія, якая не назвала сваё прозвішча, прапанавала ІП збірацца на Кастрычніцкай плошчы ў Мінску кожны панядзелак да таго часу, пакуль улады не пачуюць патрабаванні ІП. Паводле яе слоў, да кіраўніцтва Беларусі неабходна данесці, што ўказ № 222 „згубны для грамадзян краіны”. „Давайце рабіць, каб нашы дзеці паважалі сябе. Пра гэту павагу трэба гаварыць, а не маўчаць”, — заявіла жанчына. Яна таксама паведаміла, што размаўляла па тэлефоне з лідарам віцебскіх ІП Ірынай Яскевіч, якая не змагла прыехаць у Мінск. Яскевіч распавяла, што ўчора да яе прыходзілі некалькі чалавек у цывільным і папярэдзілі: калі яна возьме ўдзел у мітынгу ў Мінску, то паедзе на два тыдні „на курорт”.

На гэты момант на Кастрычніцкай плошчы знаходзіцца каля тысячы чалавек.

12.37 Уладзімір Някляеў, выступаючы на мітынгу, назваў сябе „у нейкай меры” таксама прадпрымальнікам, бо, паводле яго слоў, „кожны, хто хоча дабрабыту і ўладкаванасці свайго дома, з`яўляецца прадпрымальнікам”. „Сённяшні рэжым, — заявіў Някляеў, — душыць прадпрымальнікаў, бо яны з`яўляюцца свабоднымі людзьмі”. Паводле яго слоў, улады баяцца сярэдняга класа, які з`яўляецца асновай дэмакратыі. Някляеў нагадаў, што сёння ЕС разгледзіць пытанне аб прадаўжэнні або адмене санкцый у дачыненні да беларускіх чыноўнікаў. У сувязі з гэтым палітык прапанаваў прыняць пасланне да кіраўніцтва Еўрасаюза. „Сёння беларускі рэжым здымае з народа скуру, а ЕС хоча зняць з яго санкцыі. Гэта несправядліва”, — заявіў ён. Прапанова Някляева была падтрымана ўдзельнікамі акцыі.

12.50 Актывіст руху салідарнасці „Разам” Алесь Макаеў прапанаваў ІП стаяць на плошчы „да вечара”, „збіраць прадпрымальнікаў і беларускі народ”. Паводле яго слоў, „сённяшняя салідарнасць ужо прысароміла некаторых скептыкаў, якія казалі, што людзі не выйдуць на вуліцу”. Макаеў зачытаў перад прысутнымі патрабаванні, якія, як чакаецца, пасля мітынгу будуць перададзеныя ў Адміністрацыю прэзідэнта. Сярод гэтых патрабаванняў — тэрміновая адмена указаў № 222 і № 48 („Аб мерах па забеспячэнні дзяржаўнага кантролю (нагляду) за выкананнем патрабаванняў тэхнічных рэгламентаў”), а таксама пастановы № 666 аб абавязковай санітарна-гігіенічнай экспертызе шэрагу імпартаваных тавараў. Акрамя таго, прадпрымальнікі патрабуюць вярнуць дзеянне ўказа № 285 узору 2005 года, які прадугледжвае максімальна спрошчаныя ўмовы для вядзення рознічнага гандлю. Змяшчаецца таксама патрабаванне правесці тэрміновыя перамовы з Аляксандрам Лукашэнкам для аб`ектыўнай ацэнкі сітуацыі і вырашэння праблем малога бізнесу. Акрамя таго, ІП патрабуюць спрашчэння сістэмы выплаты ўзносаў у Фонд сацыяльнай абароны насельніцтва. „Калі ўлады не прымуць нашы патрабаванні, мы вымушаны будзем звярнуцца з заклікам да беларускага народа, што намі кіруе не ўлада, а банда. І заклік гэты будзе гучаць:” банду — прэч, улада — народу”, — сказаў Макаеў.

13.05 Удзельнікі акцыі заяўляюць пра намер сабрацца на Кастрычніцкай плошчы ў наступны панядзелак, калі кіраўнік дзяржавы не зробіць ніякіх дзеянняў па вырашэнні праблем ІП. Старшыня Аб`яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька, звяртаючыся да прысутных, заявіў, што сённяшнюю акцыю арганізавалі самі прадпрымальнікі. „Страшна? Не. Дваццаць гадоў страху ззаду. Дзяржава вуснамі кіраўніка назвала вас бандытамі, але я лічу, што бандыт, вымагальнік, рэкецір — гэта беларуская дзяржава. Калі чалавек крадзе кавалак каўбасы, ён злачынец, а калі яны крадуць мільёны вашых галасоў, яны малайцы, ім за гэта — добрыя заробкі”, — сказаў Лябедзька.

Палітык заклікаў ІП прыйсці на мітынг у наступны панядзелак і прывесці з сабой па некалькі калегаў. „Праблемы ІП — гэта не толькі вашы праблемы. Гэта праблемы тупіка ў эканамічнай палітыцы ўладаў. Мы ўсе ў адной лодцы”, — сказаў ён.

13.14 На мітынгу выступіў Мікалай Статкевіч. Ён заявіў, што 22 гады таму беларускі народ на справядлівых выбарах прэзідэнта выбраў для сябе ўладу на чатыры гады. „Але Лукашэнка ўкраў уладу на 22 гады, ліквідаваў суды, па сутнасці, захапіў краіну. Калі казаць юрыдычнымі словамі, краіна захоплена бандай, слугамі аднаго чалавека, які хоча быць ва ўладзе вечна”, — сказаў палітык.

Статкевіч падкрэсліў, што, „пакуль народ не верне сабе ўладу, будзе станавіцца толькі горш”. „Толькі вярнуўшы ўладу, мы зможам нармальна жыць. Калі ўлада будзе ў народа, Беларусь стане паспяховай краінай”, — сказаў экс-кандыдат на выбарах прэзідэнта ў 2010 годзе.

13.30 Мітынг завяршыўся, людзі разыходзяцца. Прынята рашэнне сабрацца тут жа, на Кастрычніцкай плошчы, у наступны панядзелак (22 лютага) у 12 гадзін.

13.40 Алесь Макаеў паведаміў, што патрабаванні да ўладаў, прынятыя на мітынгу, будуць высланы ў Адміністрацыю прэзідэнта поштай, паколькі хадзіць туды ён лічыць знявагай. Пасля завяршэння акцыі Макаеў выказаўся з нагоды далейшай стратэгіі дзеяння прадпрымальнікаў. Паводле яго слоў, „страйк ІП павінен працягвацца”, прадпрымальнікі не павінны спрабаваць набываць у расійскіх аптавікоў фальшывыя накладныя на тавары, каб аднавіць працу. „Прадпрымальнікі павінны зразумець, што нельга працаваць па шэрых схемах, а трэба дамагацца прыняцця законаў, якія цалкам легалізавалі б дзейнасць малога бізнесу”, — заявіў Макаеў.

Каментуючы той факт, што праваахоўныя органы не перашкаджалі правядзенню мітынгу, Макаеў сказаў: „Гэта пойдзе на карысць Лукашэнкі”. „Сёння рэжым атрымлівае крэдыты і з Захаду і з Усходу, і сваімі дзеяннямі сёння ён можа паказаць, маўляў, у Беларусі дэмакратыя”, — адзначыў ён.

Тым часам адзін з віцебскіх прадпрымальнікаў заявіў пра намер аднесці рэзалюцыю з патрабаваннямі ІП у Адміністрацыю прэзідэнта.

Указ № 222 пачаў дзейнічаць 1 студзеня 2016 года і фактычна паралізаваў працу ІП. Згодна з дакументам ІП павінны рэалізоўваць прадукцыю лёгкай прамысловасці, увезеную з краін Мытнага саюза, толькі з суправаджальнымі дакументамі. Прадпрымальнікі сцвярджаюць, што патрабаванні ўказа не выканальныя, бо большасць расійскіх пастаўшчыкоў, у якіх яны закупляюць тавар, адмаўляюцца выдаваць дакументы аб паходжанні прадукцыі альбо прадастаўляюць фіктыўныя даведкі. У выніку беларускія ІП атрымліваюць штрафы, у іх канфіскоўваюць тавар.

Шматлікія спробы прадпрымальнікаў, у тым ліку ў рэгіёнах, дамагчыся адмены ўказа шляхам перамоваў з уладамі пакуль застаюцца безвыніковымі. Цяпер такія перамовы працягваюцца на ўзроўні рабочай групы па праблемных пытаннях ІП, створанай у пачатку лютага ў рамках грамадска-кансультатыўнага савета пры Мінэканомікі. Яе першае пасяджэнне адбылося 8 лютага. Аднак на наступны дзень кіраўнік дзяржавы, прымаючы з дакладам міністра гандлю, запатрабаваў, каб ўрад не звяртаў ўвагі на патрабаванні ІП. Больш за тое, Аляксандр Лукашэнка абвінаваціў ІП у тым, што яны „загубілі лёгкую прамысловасць”.

Заяўку на правядзенне ў Мінску мітынгу 15 лютага накіроўвала ў Мінгарвыканкам РГА „Перспектыва”, але затым заяўка была адкліканая ў сувязі з пачаткам перамоўнага працэсу ў рамках вышэйзгаданай рабочай групы. Тым не менш шэраг прадпрымальнікаў заявілі аб рашэнні сабрацца 15 лютага, прычым не ў парку Дружбы Народаў, дзе планавалася акцыя „Перспектывы”, а на Кастрычніцкай плошчы. Іх падтрымалі некаторыя апазіцыйныя палітыкі, паведамляе БелаПАН.

(Фота svaboda.org)