У Менску прайшоў мітынг незалежных прафсаюзаў



“Скончым са сквапнасцю карпарацый!” – пад такім дэвізам у Менску на плошчы Бангалор прайшоў мітынг, які быў прымеркаваны да сусветнага Дня барацьбы за годную працу. Дазволеную менскімі ўладамі акцыю ладзілі  незалежныя прафсаюзы. На мітынг з’ехалася  больш за сто прафсаюзных актывістаў з усёй Беларусі.

Як кажа старшыня Беларускага кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў Аляксандр Ярашук, яны патрабуюць змянення эканамічнага курсу ў краіне, вырашэння праблем з беспрацоўем і скасавання дэкрэтаў, якія ператвараюць людзей у рабоў і ставяць крыж на годнасці працоўнага чалавека:

– Выключны клопат у нас выклікае дэградацыя працоўнага заканадаўства, дзякуючы якой практычна ўсе працуючыя людзі ў Беларусі пераведзены на кароткатэрміновыя кантракты, маючы на ўвазе прыняцце потым дэкрэта №9, які ўвёў прымусовую працу ў дрэваапрацоўчай галіне. Дэкрэт №5, які скасаваў і тыя нешматлікія  правы, якія яшчэ ў працоўных заставаліся. Дэкрэт №3, які ўвёў паняцце дармаедства. У нашай краіне ў такіх умовах казаць пра годную працу проста не выпадае.

За дэманстрантамі пільна сачылі, здымалі на відэа праваахоўнікі ў цывільным. Напрыканцы мітынгу прысутныя адзінагалосна прагаласавалі за рэзалюцыю, у якой была адзначана нязгода з тымі парадкамі, якія існуюць у адносінах да беларускіх працоўных.

Таццяна Смоткіна, Беларускае Радыё Рацыя

Фота аўтара