У Менску адбылася акцыя пратэсту супраць дыктатуры (абноўлена)



Былы палітычны вязень, кандыдат у прэзідэнты на выбарах 2010 года Мікалай Статкевіч сабраў людзей каля ГУМа ў Менску, дзе адбылася акцыя, прысвечаная чарговым угодкам рэферэндуму 1996 года. Таксама былі ўшанаваныя зніклыя беларускія палітыкі і грамадскія дзеячы.

***

19:10

Алесь Вайтовіч:

— Адразу пасля завяршэння акцыі супрацоўнікі міліцыі пачалі падыходзіць да ўдзельнікаў і арганізатараў і складаць пратаколы, не тлумачачы правы, за ўдзел або арганізацыю несанкцыянаванага шэсця. Большасць удзельнікаў ужо разышліся. Затрыманняў, пакуль, не было.

***

18:40

Палітык Зміцер Дашкевіч, які таксама прысутнічае на акцыі паведамляе:

— Ад ГУМа невялікае шэсце рушыла ў бок Дома Ўрада, дзе цяпер на прыступках каля ЦВК адбываецца імправізаваны мітынг. Каля 100 чалавек, якіх вы можаце зараз пачуць, скандуюць і адказваюць на воклічы Мікалая Статкевіча. Гэта агульныя воклічы: «Жыве Беларусь».

Статкевіч распавядаў пра сэнс акцыі: чаму мы прыйшлі да ЦВК, бо менавіта з гэтай установы пачаўся таталітарны рэжым у Беларусі.

Даволі многа “ціхароў”. Цяпер бачна, што падышоў супрацоўнік міліцыі, які пачаў складаць пратакол на Някляева. Проста адбываецца такая схема, якая ўжо стала традыцыйнай у апошнія некалькі месяцаў, калі на некаторых удзельнікаў і арганізатараў акцыі міліцыя складае пратаколы.

Грамадзяне, якія прыйшлі на акцыю цяпер ставяць лампадкі на прыступкі ЦВК у памяць пра забітых палітыкаў і пра згвалтаваную канстытуцыю.

***

На месцы правядзення акцыі знаходзіцца наш карэспандэнт, Алесь Вайтовіч:

Прыблізна 50 чалавек сабраліся ля будынка ГУМа на акцыю. Сярод удзельнікаў палітыкі: Мікола Статкевіч, Уладзімір Някляеў, Павал Севярынец. Акцыя адбываецца мірна, людзі трымаюць у руках свечкі, знічы і партрэты зніклых палітыкаў. Акцыя праходзіць таксама пад наглядам прадстаўнікоў унутраных органаў, якія спакойна назіраюць і здымаюць усё, што адбываецца, на відэа-камеры.

вялікая 1

 Прыгадаем, што 24 лістапада 1996 года ў Беларусі прайшоў рэферэндум, на падставе якога былі ўнесены змены ў Канстытуцыю, якія дазвалялі павялічыць прэзідэнцкі тэрмін Лукашэнкі ды захавалі выкарыстанне смяротнага пакарання.

вялікая 2

Беларускае Радыё Рацыя, Менск

Фота: Радыё Рацыя, Сяргей Гудзілін, Наша Ніва