У Менску судзяць 11 ашмянскіх мытнікаў



У судзе Партызанскага раёна Менска пачаўся працэс па справе ашмянскіх мытнікаў.

house_of_justice_in_minsk

На лаве падсудных 11 чалавек, ім выстаўленае абвінавачанне ў атрыманні хабару ў асабліва буйным памеры (ч. 3 арт. 430 КК).

Пяцёра абвінавачаных утрымліваюцца пад вартай, астатнія пад дамашнім арыштам.

Справа слухаецца пад старшынствам суддзі Дзмітрыя Супруна, дзяржабвінавачанне прадстаўляюць два пракуроры. Адзін з іх — Аляксандр Андрэеў — вядомы па справе экс-гендырэктара хакейнага клуба „Дынама-Менск” Максіма Суботкіна.

5 красавіка 2015 года Аляксандр Лукашэнка ў эфіры беларускіх тэлеканалаў паведаміў аб выяўленні карупцыйнай схемы на Ашмянскай мытні. „У злачынную дзейнасць быў уцягнуты ледзь не ўвесь асабісты склад мытнага паста „Каменны Лог”, — сказаў ён. — Яны атрымалі прыбытак у памеры некалькіх мільёнаў долараў. Нанесеная краіне шкода павінна быць кампенсаваная не проста ў поўным, а ў трох-, пяціразовым памеры”.

Расследаваннем займаўся Камітэт дзяржбяспекі. Было распачата пяць крымінальных спраў за атрыманне і даванне хабару. У сакавіку і красавіку затрымалі прыблізна 20 былых і дзейных на той час супрацоўнікаў мытнага пункта „Каменны Лог”. У выніку было сфармавана некалькі крымінальных спраў. Напрыклад, былы начальнік Ашмянскай мытні Іван Нівяркевіч ў сакавіку 2016 года быў асуджаны на шэсць гадоў пазбаўлення волі.

Прэс-служба КДБ паведаміла, што на мяжы з Літвой была арганізаваная шырокамаштабная схема ўхілення ад выплаты мытных плацяжоў. Хабар складаў ад 250 да 3.000 долараў — у залежнасці ад колькасці грузаў.

Сярод абвінавачаных вядомы краязнаўца Алесь Юркойць, які ў вольны ад працы час вывучаў Астравецкі край, быў ініцыятарам культурных мерапрыемстваў, выдання кніг, курсаў беларускай мовы ў раёне. У судзе ён выступае па-беларуску.

Згодна з ч. 3 арт. 430 КК абвінавачаным пагражае ад 5 да 15 гадоў пазбаўлення волі. Некаторыя з іх знаходзяцца пад вартай з сакавіка 2015 года.

belapan.by