У Менску судзілі ўдзельнікаў першамайскай дэманстрацыі



2 траўня ў судзе Цэнтральнага раёна Менска прайшлі суды над удзельнікамі мірнай акцыі пратэсту, што адбылася  ў цэнтры сталіцы 1 траўня. Да суда ўсе затрыманыя знаходзіліся ў ЦІПе на Акрэсціна. 

Адміністрацыйную справу ў дачыненні да сустаршыні Беларускай хрысціянскай дэмакратыі Паўла Севярынца разглядала суддзя Вікторыя Шабуня. Яго вінавацілі па ч.3 арт. 23.34 КаАП – удзел у несанкцыянаваным мерапрыемстве. Яшчэ адзін пратакол на палітыка быў складзены супрацоўнікамі Маскоўскага РУУС – за мітынг у абарону Курапатаў 3 сакавіка.

Вікторыя Шабуня прызнала Паўла Севярынца вінаватым у здзяйсненні правапарушэнняў і пакарала 15 суткамі арышту.

Справу актывіста „Еўрапейскай Беларусі” Максіма Вінярскага разглядаў суддзя Міхаіл Хома. Ён таксама прызнаў Вінярскага вінаватым ва ўдзеле ў несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве і пакараў 15 суткамі арышту. На знак пратэсту Максім Вінярскі аб’явіў галадоўку да вызвалення. 

Акрамя таго, сёння ж асудзяць і актывістку з Берасця Наталлю Папкову. Як высветлілася, дзяўчына таксама была затрыманая ўчора пасля выступу на менскай акцыі. 

spring96.org