У Менску ўшанавалі ахвяраў ІІ Сусветнай вайны



76 год таму, 1 верасня 1939 года, нацысцкая Германія пачала Другую сусветную вайну, якая забрала жыцці дзясяткаў мільёнаў чалавек.

2015-09-01_zavalnia_akcyja_pamiaci_fota (3)

Група людзей сабралася на Вайсковых могілках у Менску, каб ушанаваць памяць загінулых. Арганізатар акцыі, намеснік старшыні Руха Салідарнасці “Разам” Алесь Макаеў заўважае, што грамадства ўшаноўвае дату пачатку вайны сваімі высілкамі, бо сучасная ўлада, як і савецкая, яе не ўзгадвае:

– У савецкія часы толькі мімаходзь узгадвалася, што фашысты напалі на Польшчу, і пасля адбыўся “вызвольны” паход Чырвонвй Арміі 17 верасня. Замоўчвалася менавіта змова двух рэжымаў па дзеляжы Усходняй Еўропы.

Таксама Алесь Макаеў зазначыў, што Другая сусветная вайна нанесла страшны ўдар па беларускім народзе, бо беларусы апынуліся “між молатам ды накавадлам” – людзі станавіліся ахвярамі як нацыстаў, так і сталіністаў. Напрыканцы акцыі ўдзельнікі запалілі знічы ды ўсклалі кветкі да помніка загінулым жаўнерам.

Адам Завальня, Беларускае Радыё Рацыя, Менск

Фота аўтара