У Менску ўшанавалі памяць прафесара Грушавога



65 гадоў з Дня нараджэння прафесара Генадзя Грушавога – дэпутата Вярхоўнага Савета ХІІ склікання,  заснавальніка і старшыні дабрачыннага фонду „Дзецям Чарнобыля”.

У менскім Садзе Надзеі імя Генадзя Грушавога сабраліся яго сябры і  паплечнікі. Дзіцячы лекар з Буда-Кашалёва Валянціна Смольнікава зазначыла, што Генадзю Грушавому ўдалося прыцягнуць увагу ўсяго свету да наступстваў Чарнобыльскай катастрофы:

– Гэта вельмі прыгожы быў, добры і мудры чалавек – гэта быў прарок, якога нам паслаў Гасподзь у той цяжкі час. У яго ўдавалася ўсё і ён мог адкрыць любыя дзверы, ён знаходзіў людзей, якія яму дапамагалі і такіх людзей было больш, чым тых, хто яму перашкаджаў. Хаця сілы, якія супрацьстаялі яму – сусветнае МАГАТЭ, гэта ж савецкае лобі. Ён заклікаў усіх пакаяцца, за камунізм і за гэты Чарнобыль. Тое, што зрабіў ён, ні адзін чалавек на зямлі не мог зрабіць.

Удава Ірына Грушавая распавяла, што многія супрацоўнікі фонда „Дзецям Чарнобыля”, як і яе муж хварэлі на рак, і памерлі з-за шкодных умоў працы:

Я назіраю, што апошнія гады асабліва багатыя на страты людзей фонду, каторыя працавалі для дзяцей Чарнобыля, працавалі для будучыні. Іх сёння з намі няма. Пачаўся адлік нашай Нябеснай Сотні, фондаўцаў. Літаральна ў гэтым месяцы, Наста Бранавец, адна з самых першых актывістак, мая былая студэнтка, 53 гады, рак лёгкага, Магілёўская вобласць, вёска Хахлы. Пазаўчора памерла Тамара Трыгубовіч, сябра фонду, збірала інфармацыю пра тое, наколькі пацярпела Беларусь, для ўсіх нашых кангрэсаў “Свет пасля Чарнобыля”. Сябры ўправы, можна пералічваць бясконца, пачынаючы ад Святланы Варашчэні, адказнай за галандскую праграму, Любові Фёдаравай, тых людзей, якія будавалі праграмы для дзяцей Чарнобыля, 10 гадоў іх няма. Еўдакія Петрушэнка, дацэнт МДЛУ, праводзіла вельмі сур’ёзныя праекты па нямецкай праграме, таксама сышла ад раку. Таццяна Рагіна, Антон Трыгубовіч, лейкімія. Велізарная колькасць людзей, якія працавалі ў кіраўніцтве фондам на чале з Генадзём Грушавым. Іх ужо няма. Але яны маглі быць з намі, калі б не было Чарнобыля.

Былы намеснік загадчыка фонда „Дзецям Чарнобыля” Генадзь Кеснер узгадаў пра плённую працу Генадзя Грушавога:

– Больш за паўмільёна толькі дзяцей былі адпраўлены на аздараўленне. Сотні дзяцей атрымалі дапамогу ў клініках, ім там рабілі аперацыі, рэабілітацыю і гэтак далей. Я ўжо не кажу пра мільёны тон гуманітарнай дапамогі, якія паступалі са шматлікіх еўрапейскіх дзяржаў ды з іншых дзяржаў, нават з Амерыкі, якія размяркоўваліся тут у Беларусі, пераважна ў Чарнобыльскай зоне.

Генадзь Грушавы памёр 28 студзеня 2014 года. Старшыня фонду “Дзецям Чарнобыля”, як і многія яго супрацоўнікі, памёр ад раку.

Беларускае Радыё Рацыя