У Менску забаранілі акцыю ў гадавіну смаленскай катастрофы



Каля консульства Польшчы ў Менску забаранілі акцыю ў гадавіну смаленскай катастрофы. 10 красавіка ў 15 гадзін каля 15 актывістаў руху салідарнасці „Разам”, „Еўрапейскай Беларусі”, грамадскія актывісты прыйшлі да консульства Польшчы ў Менску, каб ушанаваць памяць загінулых у смаленскай катастрофе, паведамляе „Беларуская праўда”.

10 красавік 2010 года падчас пасадкі на аэрадром «Смаленск-Паўночны» пацярпеў катастрофу прэзідэнцкі самалёт Ту-154М. У катастрофе загінулі ўсе, хто быў на борце – 88 пасажыраў і 8 членаў экіпажа, у іх ліку – прэзідэнт Польшчы Лех Качыньскі, яго жонка Марыя Качыньская, вядомыя польскія палітыкі, амаль усё вышэйшае ваеннае камандаванне, грамадскія і рэлігійныя дзеячы.

Грамадскія актывісты прыйшлі да польскага консульства з партрэтамі загінулых, з кветкамі і свечкамі. Аднак з самага пачатку міліцыянт пачаў высвятляць у тых, хто сабраўся – ці санкцыянаваная акцыя. Пасля працяглых высвятленняў і званкоў да актывістаў выйшаў ахоўнік консульства Польшчы і паведаміў, што акцыю не варта праводзіць.

Міліцыянт перапісаў пашпартныя дадзеныя ў актывіста руху салідарнасці „Разам” Алеся Макаева. Удзельнікі акцыі прынялі рашэнне правесці акцыю каля Чырвонага касцёла.

Беларускае Радыё Рацыя