Аляксандра Мендаля абвінавачваюць у распаўсюдзе незарэгістраваных СМІ (абноўлена)



Суд па справе актывіста Руху «За Свабоду» адкладзены. На паседжанні затрыманы заявіў хадайніцтва пра адваката. У выніку разгляд справы адкладзены да 20 кастрычніка.

* * *

Сябра Руху «За Свабоду» Аляксандра Мендаля прызналі вінаватым у распаўсюдзе незарэгістраванай прадукцыі СМІ. Сёння Аляксандар Мендаль быў затрыманы міліцыяй пры распаўсюдзе ўлётак па фактах фальсіфікацыяў на парламенцкіх выбарах і дастаўлены ў Першамайскі РАУС. Актывіст раскладваў улёткі ў паштовыя скрыні жыхароў выбарчай акругі №108, дзе балатаваўся першы намеснік старшыні Руху «За Свабоду» Юрась Губарэвіч, які і каментуе затрыманне актывіста:

– Судзілі за распаўсюд незарэгістраваных СМІ. Хоць, канешне, гэта поўнае  глупства. Бо ўлётка не з’яўляецца перыядычным выданнем. Няма складу правапарушэння.

Пакуль высвятляецца, які прысуд прызначылі сябру Руху «За свабоду» Аляксандру Мендалю. Як адзначае Юрась Губарэвіч, падчас парламенцкіх выбараў улада здзейсніла злачынства і зараз усімі спосабамі спрабуе замесці сляды і не даць магчымасці праінфармаваць выбарцаў пра канкрэтныя факты здзяйснення крымінальнага злачынства. Па ягоных словах, ён выкарыстаў усе спосабы легальнага змагання з фальсіфікацыямі, у прыватнасці, адна заява была пададзеная ў Следчы камітэт з патрабаваннем узбуджэння крымінальнай справы.

Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя

Фота pyx.by