У Мінску 26 удзельнікаў „Маршу недармаедаў” прыгаварылі да арыштаў



Суд Цэнтральнага раёна Менска прыгаварыў 26 удзельнікаў „Маршу недармаедаў”, які прайшоў 15 сакавіка ў сталіцы, да арыштаў на тэрмін ад 12 да 15 сутак.

Маладых людзей, сярод якіх былі анархісты, абвінавацілі ў парушэнні правілаў правядзення масавых мерапрыемстваў, якія заключаліся ў наяўнасці масак на тварах, а таксама ў непадпарадкаванні законным патрабаванням супрацоўнікаў міліцыі пры затрыманні.

У той жа час маладыя людзі на судовых працэсах 16 сакавіка сцвярджалі, што іх затрымлівалі з прымяненнем грубай сілы. У аднаго з асуджаных — Андрэя Навакоўскага — сіняк і кровападцёк пад вокам. У судзе ён заявіў, што ў аддзяленні міліцыі яму падкінулі газавы балончык і пагражалі распачынаннем крымінальнай справы.

Асуджаны Ілля Міроненка таксама заявіў, што яму пагражалі крымінальнай справай за супраціўленне міліцыі.

Пасля абвяшчэння прысуду Алена Дубовік (асуджаная на 12 сутак), Ілля Міроненка (асуджаны на 14 сутак), а таксама грамадзянін Расіі Павел Маркаў (асуджаны на 15 сутак) у знак пратэсту аб’явілі галадоўку.

У дачыненні да яшчэ аднаго дастаўленага ў суд удзельніка акцыі Антона Данілава прыгавор не быў вынесены, паколькі яго шпіталізавалі з суда пасля скаргаў на моцныя галаўныя болі.

belapan.by