У Надзеі Дударэнкі могуць забраць дзяцей



У жыхаркі вёскі Парычы Светлагорскага раёна Надзеі Дударэнкі могуць забраць усыноўленых дзяцей. Гомельскі абласны суд адхіліў скаргу маці, якая намагалася апратэставаць рашэнне Светлагорскага раённага суда аб скасаванні ўсынаўлення.

index

Цяпер, як хвалюецца Надзея Дударэнка, органы апекі ў любы момант могуць забраць дзесяцігадовых сыноў Альберта і Андрэя.

– Я, канешне, буду абскарджваць, бо гэта незаконна! Я – нармальны чалавек, у мяне выраслі прыстойныя дзеці, ніколі не піла. У дзяцей ёсць усё неабходнае. Нават тым, хто п’е, даюць шанец. Так, я адважылася бараніць сваіх дзяцей, я іх перавяла на індывідуальную форму навучання, каб зберагчы іхнае здароўе. А ўсё пачалося з маёй скаргі на збіццё маіх дзяцей у школе.

Непрыемнасці ў сям’і Надзеі Дударэнкі пачаліся каля трох гадоў таму. Канфлікт маці са школьнай настаўніцай перарос у супрацьстаянне з раённым аддзелам адукацыі. Сацыяльныя службы спачатку адабралі ў выхавацелькі пяцёх прыёмных дзяцей. Пасля некалькіх гадоў судовых цяжбаў дайшла чарга да ўсыноўленых.

Беларускае Радыё Рацыя, Гомель

Фота gomel.today