У пасёлку МОФ – ізноў „няпруха!”



Жыхары пасёлка МОФ, што месціцца ў некалькіх кіламетрах ад Менску па Магілёўскай шашы, падавалі наглядную скаргу ў абласны суд наконт адмены рашэння суда Менскага раёна і атрымалі адмову. Дзяржаб’яднанне “Мінскэнэрга”, спасылаючыся на недахоп сродкаў, адмаўляецца правесці рамонт і адвесці лініі ЛЭП, што праходзяць праз гароды і ля хат 800 жыхароў. Электралініі не рамантаваліся больш за паўвека, аж да таго, што слупы з аголенымі дратамі ляжаць прама на зямлі, пагражаючы жыццю. Аднак гэта далёка не адзіная праблема ў мястэчку, назва якога паходзіць ад пачатковых літар сталічнай фабрыкі гародніны.

… Такога я не сустракаў нават у часе сваіх шматлікіх вандровак па кінутых вёсках вакол Чарнобыля. Там у паселішчах няма людзей, але засталіся дарожныя ўказальнікі і адпаведныя пазнакі на мапах. Тут жа на гэтыя зручнасці і не спадзяюцца. У сп. Ірыны Віяленцій, вядомым у мінулым жэньшэневодам ды арганізатаркай мясцовага супраціву, прапіска ў МОФ, а прыватызаваная зямля ля хаты – на вуліцы Фабрычнай, у суседнім Сціклева. Такое дзікае становішча практычна ва ўсіх жыхароў.

Ірына Віяленцій: Уладзе ўжо не верым – хіба каб самі выбіралі старшыняў райвыканкама, тыя баяліся хаця б, што надалей іх не выберам. Але іх прызначаюць. Як Лукашэнка неяк прыязджаў на фабрыку, суседка ўсхваляваная тэлефануе – “а штосьці ў нас столькі міліцыі бегае?! Я ў вакно – стаяць чалавек шэсць з аховы. Выказала ім усе нашы праблемы – мо каму перададуць?! Кажу, у нас тут снайпераў няма, але па кіраўніцтву фабрыцы, каб далі, шарахнула! (смяецца )

Большасць насельнікаў жыве на дзвух вуліцах у адна-двухпавярховых дамах катэджавага тыпу. Яшчэ пры канцы мінулага стагоддзя гэта быў пасёлак-сад – балазе, усе тут праз аднога вучоныя аграномы ды раслінаводы. Я завітаў да Людмілы Кавернік. Яе бацька быў старажыл, лаўрэат прэмій ВДНГ. У прысутнасці сп. Ірыны успамінае і гаспадыня.

Ірына Віяленцій: Усюды зялёныя пасадкі былі – Мікалай Аляксандравіч колькі патраціў здароўя, калі больш 50-ці сартоў бэзу развёў! Вы не ўяўляеце, якая была прыгажосць, калі зацвітала, які быў пах – салаўі жылі тут…

Людміла Кавернік: Жылі, як у садзе, а жывем, як у гета. Калі бруд, не прайсці, не праехаць. Калі завіруха, таксама няма дарогі. Цёмна ўзімку ў пяць гадзін, прабачце, ідзеш-дрыжыш за жыццё. Здымалі шубы, збівалі, адымалі грошы, сумкі… Цяпер, не дай божа, пажар, да нас машына не даедзе. І ўцякаць няма куды. Метрапалітэн і фабрыка – гарадскія структуры, дык чаму б не падаць аўтобус?! Не, месца для прыпынку “прадалі” камерцыйнай фірме. Няма крамы – як пенсіянеру апынуцца ў такім становішчы, што хлеба няма купіць?!

Апошніх, дарэчы, у пасёлку да 80%. Хата яшчэ аднае – Ліліі Францаўны Шэхаўцавай – на ўскраіне. Пад’ехала на ўласным “мэрсе”. Аднак…

Лілія Шэхаўцава: Адносіны з фабрыкай гародніны такія: мы адпрацавалі ўсё жыццё і нікому непатрэбныя. Нават калі здараецца што з вадой, ноймеш каго за свае капейкі. А тут дарога разбітая, у зімовы перыяд ніхто не чысціць – гаспадары з рыдлёўкамі выйдуць, ці, іншым разам, трактарысту заплаціш сваімі. У суседкі маці памірала, выклікалі “хуткую”, дык беглі на другі бок пасёлку, і на руках трэба было выносіць…

Шматпакутныя жыхары МОФа збіраюцца звярнуцца ў канчатковую інстанцыю – Вярхоўны суд краіны. Разглядаюцца і чарговыя масавыя акцыі пратэсту.

 Віталь Сямашка, Беларускае Радыё Рацыя. Фота аўтара