У Пінску чакаецца судовы тыдзень



Вядома, што з 3 па 7 красавіка ў пінскім судзе адбудзецца разгляд, як мінімум пяці спраў у дачыненні да ўдзельнікаў акцыі 26-га сакавіка. Тады на цэнтральную гарадскую плошчу выйшла каля 60 жыхароў, каб выказаць сваю салідарнасць з затрыманымі ў Менску і пратэставаць супраць Дэкрэта №3.

Усіх затрыманых АМАПам вызвалілі з-за патрабаванняў людзей, але нягледзячы на абяцанні кіраўніка Пінскага ГАУС, што аніякіх захадаў больш не будзе, пераслед усё ж пачаўся.

Прадстаўнік “Руху за свабоду” у Пінску, сябра Партыі БНФ Алесь Рамановіч мяркуе, што ахвяраў ціску можа быць больш, таму прапануе пінчукам праваабарончую кансультацыю:

— Каб яны звярталіся да мяне, на мой тэлефон (029) 939 41 19, па дапамогу. Менавіта як кансультацыю, што рабіць, як сябе паводзіць у такім выпадку, калі выклікалі. Праз інтэрнэт знаходзьце выхады на праваабаронцаў: БХК, праваабарончы цэнтр «Вясна», і да іх звяртайцеся з пытаннямі. Проста ісці так, не ведаючы што рабіць, гэта вельмі дрэнна.

Самога Алеся Рамановіча будуць судзіць 6-га красавіка, у адзін дзень з грамадскім актывістам Ігарам Салаўём. У Пінску пакаранне ўжо панеслі: журналіст Віктар Ярашук атрымаў 40 базавых велічыняў, па 5 сутак адседзелі актывісты Дзмітрый Сяргіевіч, Людміла Недзеявец і ў ізалятары знаходзіцца Ігар Шаршун, бо атрымаў 15 сутак.

Пятро Савіч, Беларускае Радыё Рацыя