У Пінску на волю выйшлі Ігар Салавей і Ігар Петрушкевіч



Пасля пяці сутак арышту ў Пінску на волю выйшлі Ігар Салавей і Ігар Петрушкевіч. Яны атрымалі прысуд за ўдзел у акцыі 26-га сакавіка, якая адбылася на пінскай плошчы ў знак салідарнасці з затрыманымі на Дзень Волі і супраць Дэкрэта №3.

Пасля вызвалення Ігар Салавей распавёў, што самае невыноснае – гэта ўмовы ў ізалятары, а ўсё астатняе магчыма вытрымаць:

— Вельмі жудасныя ўмовы ўтрымання арыштантаў. Не даюць кубкаў для гарбаты, не даюць лыжкі на абед. Сама атмасфера ў камеры не тое што цяжкая, можна вытрымаць, але бытавыя ўмовы ўтрымання непрыемныя. У двор не пускаюць, бо ў іх няма дворыка для дзённай прагулкі, арыштантам прыходзіцца ўвесь дзень сядзець у камерах.

Нагадаем, што пасля 26-га сакавіка ў Пінску пачаўся пераслед удзельнікаў акцыі. Адміністратыўныя справы былі заведзеныя ў дачыненні да 12 пінчукоў з якіх тры акрамя штрафаў атрымалі суткі.

Пятро Савіч, Беларускае Радыё Рацыя