У Пінску прапагандуюць культуру сартавання смецця



Другое жыццё бытавых адкідаў. У Пінску да канца года паставілі мэту – назбіраць звыш 10 тысяч тон другасных рэсурсаў на пераапрацоўку, пакуль пераадолілі лічбу ў 3 тысячы тон. Больш за ўсіх адкідаў на пераапрацоўку даюць прадпрыемствы – 54% ад усёй колькасці, далей стацыянарны і выяздны збор прыёмных пунктаў – 28%, а ад жыллёвага фонду праз кантэйнеры – 14,5%.

У Пінску камунальнікі актыўна прапагандуюць культуру сартавання смецця сярод жыхароў. Гэта агульная адказнасць за экалогію і захаванне рэсурсаў прыроды, – кажа супрацоўнік жыллёва-камунальнай гаспадаркі Аляксей Краўчук:

– Сумеснымі намаганнямі мы рухаемся да агульнай мэты. Тая ўпакоўка, якая была скарыстаная, і якая раней утылізоўвалася на палігонах, цяпер атрымлівае другое жыццё, ператвараецца ў сыравіны для вырабу рознага віду тавараў.

Пінскія камунальнікі ўпэўненыя, што ў грамадстве актыўнага спажывання, разумнае распараджэнне бытавымі адкідамі – гэта шлях, па якім павінен ісці кожны спажывец.

Пятро Савіч, Беларускае Радыё Рацыя