У Пінску матэрыяльна стымулююць сартаваць смецце



У Пінску падвышаюць экалагічную культуру гараджан. Па 22-га ліпеня ў горадзе абвешчана акцыя па нарыхтоўцы ў насельніцтва другасных матэрыяльных рэсурсаў. За гэта прапануецца як грашовая ўзнагарода, так і магчымасць атрымаць гаспадарчыя рэчы, вырабленыя ў выніку пераапрацоўкі адкідаў. Камунальнікі спрабуюць давесці да грамадзян неабходнасць сартаваць смецце. Супрацоўнік пераапрацоўчага ўчастка Андрэй Кравец адзначае, што такім чынам эканоміцца прыродны рэсурс:

– У комплексе другасная пераапрацоўка ўсіх адкідаў вырашае вялікія праблемы па энэргазберажэнні і эканоміі іншых рэсурсаў, якія мы цяжка атрымліваем. Мы можам іх узнавіць з дапамога другасных рэсурсаў. Але тут трэба заклікаць усіх нашых гараджан, каб яны набывалі экалагічную культуру і пачалі сартаваць адкіды.

Увогуле пінскія камунальнікі сцьвярджаюць, што ў ХХІ стагоддзі паняцце “смецце” ўжо не актуальнае, ёсць толькі – другасныя адкіды.

Пятро Савіч, Беларускае Радыё Рацыя