Праваслаўныя адзначылі Вербную нядзелю (абноўлена)



Праваслаўныя вернікі адзначаюць Вербную нядзелю, ад якой пачынаецца апошні тыдзень Вялікага посту. Традыцыйна ў цэрквах асвячаюць галінкі вярбы, якія захоўваюць пасля цэлы год як абярэг. У вёсках людзі не забываюць і на паганскі звычай пабіць адзін аднаго асвечанай вярбой дзеля здароўя і дабрабыту.

Самымі люднымі, тым не менш, з’яўляюцца ў святочныя дні гарадскія храмы. У Берасці людзі актыўна сцягваліся пад цэрквы, нягледзячы на халоднае і дажджлівае надвор’е.

У Вербную нядзелю дзясяткі тысяч вернікаў на працягу дня наведалі праваслаўныя храмы Гародні. Дзеля асвячэння вербаў многія гарадзенцы прыходзяць у цэрквы са сваімі дзецьмі і ўнукамі. Адно з самых радасных хрысціянскіх святаў з’яўляецца і самым масавым у Гарадзенскай праваслаўнай епархіі, як зазначае святар Павел Каспяровіч:

– Гэта вялікае свята. Мы нават неяк праводзілі статыстыку: людзей у Вербную нядзелю прыходзіць больш, чым на Вялікдзень. Мне падаецца, што тут ёсць пэўны перахіл у нашай народнай свядомасці, калі мы другаснае ставім замест першаснага, калі наш народ звяртае ўвагу толькі на гэтыя вербы, а не на багаслоўскі сэнс свята.

На працягу дня каля гарадзенскіх праваслаўных храмаў кожны жадаючы мог набыць святочную вярбу, упрыгожаную згодна з народнай традыцыяй. Продаж вербаў ажыццяўляюць як прадпрымальныя грамадзяне, так і валанцёры з мэтай збору сродкаў на правядзенне дабрачынных акцый.

Уваход Гасподні ў Іерусалім, або Вербніца – гэта хрысціянскае свята, што адзначаецца ў апошнюю нядзелю перад Вялікаднем. Па традыцыі вернікі б’юць адзін аднога асвячанымі вербамі з пажаданнямі: «Не я б’ю — вярба б’е. За тыдзень — Вялікдзень».

“Кожны хрысціянін у такія вялікія святы павінен не толькі годна іх адзначыць, але галоўнае – асэнсаваць свае памылкі, намагацца выправіць іх”, – кажа святар пінскай праваслаўнай епархіі айцец Аляксандр:

– Бог прыйшоў у свет грэшнікаў выратаваць. Ласка Божая дае чалавеку сілы, каб змяніцца. Відавочна, што калі мы не змяняемся – мы вінаватыя. Гэтая горкая думка павінна вырваць з нашай галавы нейкія матывы самаапраўдання. Мы вінаватыя ў сваіх грахах. І не трэба тут шукаць нейкіх апраўданняў.

Вербніца з’яўляецца адным з галоўных хрысціянскіх святаў, якое сімвалізуе ўваход у Іерусалім Ісуса Хрыста для прыняцця пакут і смерці на Крыжы.

На Падляшшы асвечаную вярбу выкарыстоўвалі ў розныя моманты жыцця:

– Трымалі кароў, і калі ў першы дзень выганялі іх у поле, то абавязкова вярбой “вербавалі”. У хаце яна ляжыць год. І як на Вялікдзень пачыналі паліць у печы, то распальвалі якраз старой вярбой.

– А калі пасадзіць у агародзе тую вербачку, дык яна пачынае расці. І на другі год, як падрасце, калі ідзеш у царкву, то можаш адламаць галінку. І на наступны год тое ж самае.

А ўжо ў панядзелак у праваслаўных пачынаецца Вялікі Тыдзень. У гэты час абавязвае жорсткі пост.

Беларускае Радыё Рацыя