У праваслаўных – Вялікая пятніца



У Праваслаўнай царкве сёння Вялікая пятніца. У гэты дзень у храмах не адпраўляецца літургія. Для вернікаў гэты дзень з’яўляецца днём самага строгага посту ва ўсім літургічным календары.

У цэрквах адбываецца ўрачыстае ўнясенне Плашчаніцы, сімвалічнай труны Ісуса Хрыста. Гэта істотнае адрозненне праваслаўнай традыцыі ад каталіцкай: месца паховінаў Хрыста прадстаўлена на палатне.

Літургічны дзень вялікай пятніцы пачаўся ўжо ўчора чытаннем дванаццаці фрагментаў Евангелля, кажа айцец Анатоль Шыманюк прэс-сакратар Беластоцка-Гданскай епархіі:

– На ютрані паслядоўна зачытваюць Дванаццаць Евангелляў – дванаццаць евангельскіх урыўкаў, якія апавядаюць пра падзеі пятніцы. Пятніца – гэта дзень, у які быў укрыжаваны Ісус Хрыстос. Таму гэты дзень прысвечаны ўспамінам пра суд над Сынам Божым, яго распяцце і крыжовую смерць на Галгофе, зняцце Яго цела з крыжа і пахаванне.

Богаслужэнне Вялікай пятніцы ўключае трохразовае прачытанне евангельскага апавядання пра гэтыя падзеі.

Труна Гасподняя будзе выстаўлена ў цэрквах да Вялікай суботы, калі адбудзецца ўрачыстая працэсія з Плашчаніцай вакол храма. Ужо ў Вялікую суботу завершыцца Вялікі тыдзень.

Беларускае Радыё Рацыя

Фота lavra.ua