У роднай вёсцы Івана Ціхана



Кідальнік молату Іван Ціхан стаў сярэбраным прызёрам на Алімпійскіх гульнях у Рыа-дэ-Жанейра. Родам Іван з вёскі Глоўсевічы Слонімскага раёна. Наш карэспандэнт у панядзелак, 22 жніўня, наведаў родную вёску Івана Ціхана і паглядзеў, як сёння жыве вёска славутага спартсмена.

Дарэчы, на ўказальніках назва вёскі напісана па-рознаму: на адным – Глоўсевічы, на другім – Глоўсявічы. Хаця правільна ўсё ж будзе – Глоўсевічы.

Вёска даўно ўжо неперспектыўная. У ёй засталіся толькі вясковая крама і фельчарска-акушэрскі пункт. І то, як сказалі вяскоўцы, “краму мы проста адваявалі ў мясцовага начальства. Ужо былі закрылі яе, і пачала хадзіць у вёску аўталаўка, але ж не – мы ўсе разам гэтага недапусцілі, бо нам патрэбна крама”. І крама ў вёсцы засталася, працуе. Гэта адзінае месца, дзе вяскоўцы могуць сабрацца, пагутарыць, абмеркаваць розныя навіны.

Няма і сярэдняй школы ў Глоўсевічах, дзе вучыўся Іван Ціхан. Застаўся толькі будынак, які паціху развальваецца, зарастае кустамі і травой. Праўда, у некалькіх былых класных пакоях цяпер месціцца ФАП.

Насупраць школы праз вуліцу яшчэ стаяць некалькі двухпавярховых будынкаў. Але кватэры там пустуюць. Толькі ў трох з іх яшчэ жывуць настаўніцы-пенсіянеркі, якія ўсё жыццё адпрацавалі ў Глоўсевіцкай школе і якія вучылі будучага алімпійскага чэмпіёна.

Не працуе вясковая сталовая. Будынак хочуць прадаць, але яго ніхто не купляе. “А каму гэта ўсё тут сёння патрэбна, — кажуць вяскоўцы. – Да Слоніма 20 кіламетраў, а аўтобус у вёску курсіруе з райцэнтра толькі два разы на тыдзень: у чацвер і ў нядзелю. Вось і жывем мы ў такой глухамані”.

Застаць дома маці Івана Ціхана Ніну Іванаўну не ўдалося. Яна яшчэ трымае некалькі кароў, водзіць іх на луг, прывязвае да кіёчкаў, дзе яны і пасуцца. А бацька даўно памёр.

Вяскоўцы ганарацца сваім земляком, але вёсцы ад гэтага не лягчэй. Яна паціху адмірае. Калі сто гадоў таму ў ёй пражывалі больш за 800 чалавек, то сёння амаль у восем разоў менш.

Барыс Баль, Беларускае Радыё Рацыя, Слонімскі раён

Фота аўтара.