У шпіталі застаецца адзін школьнік з Рацічаў



13 лютага пяць вучняў школы аграгарадка Рацічы выпісалі з Гарадзенскай абласной клінічнай бальніцы. Зараз тут застаецца адзін з 42 школьнікаў, якіх шпіталізавалі двума днямі раней, паведамляе тэлеканал ОНТ.

У чацвер дзеці паскардзіліся на галавакружэнне і болі ў жываце. Медыкі прыйшлі да высновы, што гэта было атручэнне. Але яго этыялогія да гэтага часу невядомая.

Пачата крымінальная справа па артыкуле „Службовая халатнасць”. Зараз праводзяцца судова-хімічныя даследаванні, каб вызначыць спектр атрутных рэчываў, у тым ліку соляў цяжкіх металаў. Першыя вынікі, як заявілі ў Дзяржкамітэце судовых экспертыз Беларусі, будуць вядомыя ў максімальна кароткія тэрміны.

Нагадаем, днём 11 лютага з дзяржаўнай установы адукацыі „Рацічская сярэдняя школа” ва ўстанову аховы здароўя былі шпіталізаваны 42 навучэнцы 1998—2008 гадоў нараджэння і працаўнік санітарнага кантролю. Усім пацярпелым паставілі папярэдні дыягназ „атручэнне няяснай этыялогіі”.

Следчыя дапытваюць сведак, атрымліваюць інфармацыю, якая мае значэнне для ўстанаўлення фактычных акалічнасцяў і прычын таго, што адбылося, канфіскавана і старанна вывучаецца тэхнічная і іншая дакументацыя. Для ацэнкі стану навакольнага асяроддзя ў памяшканнях школы і на прылеглай тэрыторыі канфіскоўваюцца рэчавыя доказы. Атрыманы ўзоры паветра і вады, якія накіраваны ў лабараторыі Дзяржаўнага камітэта судовых экспертыз і іншыя дзяржаўныя ўстановы для правядзення экспертных даследаванняў.

Ход расследавання узяты пад асабісты кантроль старшынёй СК.

belapan.by