Сёння ў Слоніме развітаюцца з Іванам Шэгам (абноўлена)



Іван Шэга

Раніцай 4 кастрычніка ў Слоніме памёр вядомы доктар і грамадскі дзеяч, заснавальнік недзяржаўнай установы „Шэгамедкансульт”, каардынатар Слонімскага грамадскага цэнтра, былы дэпутат Слонімскага раённага Савета дэпутатаў 2003-2007 гадоў Іван Шэга.

Развітанне і пахаванне грамадскага актывіста і доктара Івана Шэгі адбудуцца ў Слоніме 5 кастрычніка. Развітанне а 13-й гадзіне па адрасе: вуліца Баравая, 25 (мікрараён Альбярцін).

“Ён да канца заставаўся нязломным і верным Беларусі і ўсяму свайму жыццю,” – узгадвае гарадзенскі праваабаронца і пісьменнік Віктар Сазонаў, які сябраваў з грамадскім актывістам.

Ён быў вельмі добрым сем’янінам, вельмі добрым сябрам. Гэта быў чалавек, адданы сваёй прафесіі. Ад усяго, што рабіў, ён станавіўся лепшым. Усе ляцелі да яго. Калі Іван Шэга пачаў займацца грамадска-палітычнай працай, ён таксама стаў, па сутнасці, лідарам Слонімскага рэгіёна. Да яго ўсе звярталіся, праз яго ўсё рабілася. Ён пакінуў разуменне, што прыстойным чалавекам быць добра, пражыць жыццё прыстойна, велічна, узорна для іншых людзей – гэта галоўная місія чалавека.

Івану Шэгу было 63 гады. Родам ён быў з вёскі Валеўка Наваградскага раёна. Скончыў Валеўскую сярэднюю школу амаль на выдатна, а потым Менскі медыцынскі інстытут. З 1980 года жыў і працаваў доктарам-траўматолагам у Слоніме.

Івана Шэгу ў Слоніме ведалі ўсе.

Гэта быў прыгожы, інтэлігентны, адукаваны і нястомны ва ўсіх справах чалавек, — кажа сябра Івана Шэгі беларускі пісьменнік, гісторык, краязнаўца і журналіст Сяргей Чыгрын:

— Іван Шэга быў грамадскім лідарам у нас у Слоніме. Ён аб’яднаў усіх дэмакратаў раёна і суседніх са Слонімам раёнаў. Ён аб’ядноўваў усіх тых людзей, якія перажывалі за ўсё добрыя справы, якіх турбаваў лёс Беларусі і лёс беларусаў. Ён прыцягваў людзей да сябе, з ім было вельмі цікава, ад яго ішоў такі пазітыў, што да яго хацелася ехаць. Гэта даволі вялікая страта не толькі у маштабах Гарадзеншчыны, але ўсёй краіны.   

Апошнія дваццаць гадоў Иван Шэга актыўна займаўся палітыкай, з’яўляўся сябрам Сойму партыі БНФ, яго хваляваў лёс Беларусі і свайго народа. Свае разважанні і думкі пра лёс краіны ён выказаў і паспеў выдаць асобнай кнігай «Пра краіну і пра нас», якая сёлета выйшла з друку ў Менску. Дэмакратычная Беларусь згубіла яшчэ аднаго свайго адданага сябра, якога нам так будзе не хапаць.

Сябры Слонімскага згуртавання дэмакратычных сіл шчыра спачуваюць родным і блізкім, сябрам і знаёмым у сувязі са смерцю Івана Шэгі.

Беларускае Радыё Рацыя