У Слоніме праганялі зіму



Праганяць зіму ў Слоніме пачалі раніцай у нядзелю, 6 сакавіка. Тэатральнае шэсце ад Цэнтра культуры да гарадскога парку весяліла людзей песнямі і прыпеўкамі:

У нас сягоння масленіца,

Прыляцела ластавіца…

А потым у гарадскім парку былі гульні, забавы, пацехі, гандаль рознымі вырабамі і сувенірамі, а таксама частаванне шашлыкамі і блінамі. Сельскагаспадарчыя прадпрыемствы раёна паказалі свае традыцыйныя падворкі, а народны тэатр студыі “Прымакі” з Дзятлава , а таксама мясцовыя калектывы мастацкай самадзейнасці весялілі слонімцаў песнямі і скокамі.

Арганізатары свята праводзілі вясёлыя конкурсы, сярод якіх былі і конкурсы на лепшыя прыказкі і прымаўкі, прысвечаныя масленіца.

Барыс Баль, Беларускае Радыё Рацыя, Слонім

Фота аўтара.