У Слоніме ўшанавалі татараў, якія загінулі падчас Першай сусветнай вайны



На Слонімскіх мусульманскіх могілках адбыўся мітынг, прысвечаны пачатку Першай сусветнай вайны.

У мітынгу прынялі ўдзел кіраўніцтва Слонімскга райвыканкама, а таксама пошукавая група “Айчына” з Татарстана, намеснік дырэктара кампаніі “Татнафта” на Беларусі Уладзімір Душын і іншыя асобы.

Мітынг адкрыў старшыня Слонімскага райвыканкама Алег Таргонскі, які нагадаў падзеі Першай сусветнай вайны на Слоніме і ў Беларусі ў цэлым. Студэнтка Казанскага ўніверсітэта Ірына Сафронава падзякавала слонімцам за памяць пра воінаў-татараў, якія загінулі на Слонімшчыне падчас Першай сусветнай вайны, памяць пра якіх сёння ўшаноўваецца.

Асабліва шчырую падзяку ўсе выступоўцы казалі слонімскаму грамадскаму актывісту, імам-старшыні аб’яднання мусульман Слонімшчыны, былому намесніку муфція Беларусі Сулейману Байрашэўскаму. Падчас ушававання яму ўручылі медаль “За заслугі перад татарскім народам”.

Падчас ушанавання ахвяр Першай сусветнай вайны, былі ўскладзены вянкі і кветкі да мемарыяльнага знака, які знаходзіцца на слонімскіх мусульманскіх могілках.

Барыс Баль, Беларускае Радыё Рацыя, Слонім

 Фота аўтара