У Слоніме з’явілася аб’яднанне “СлонімКаналАгінскага”



У Слоніме зарэгістравалі грамадскае аб’яднанне “СлонімКаналАгінскага”. Яго ўзначаліў былы старшыня Слонімскага гарсавета Іван Вадэйка. Па словах спадара Вадэйкі, мэта аб’яднання – рэканструкцыя і адраджэнне канала Агінскага ў Слоніме.

Дзеля гэтага сябры аб’яднання ўжо адкрылі дабрачынны фінансавы рахунак, куды любы жыхар Беларусі можа пералічыць фінансавую дапамогу на рэканструкцыю канала Агінскага.

Нагадаем, што па ініцыятыве гетмана Міхала Казіміра Агінскага быў пабудаваны Агінскі канал. Спачатку быў пракапаны Малы канал у Слоніме, названы яго імем, які асушыў багністы поплаў Шчары. Само будаўніцтва пачалося ў 1765 годзе на сродкі Міхала Казіміра Агінскага. Ён выдзеліў са сваёй казны 12 мільёнаў злотых. Канал адкрываў магчымасці для экспарту лесу і іншых тавараў праз балтыйскія парты, таму яго будаўніцтва было падтрымана Варшаўскім сеймам Рэчы Паспалітай. Потым быў пракапаны Вялікі канал, які злучыў Шчару з прытокам Прыпяці – Ясельдай. Яго капалі крыху больш як дзесяць гадоў выключна жыхары Слонімскага павету. Даўжыня канала склала 55,5 кіламетраў. Урачыстае адкрыццё канала адбылося ў 1784 годзе.

На фота: Канал Агінскага ў Слоніме ў першай палове ХХ стагоддзя

Барыс Баль, Беларускае Радыё Рацыя, Слонім

Фота з архіва аўтара