Зруйнаваны ў Спораве помнік не адновяць да Дня перамогі (абноўлена)



У вёсцы Спорава Бярозаўскага раёна да 9 траўня не будзе адноўлены помнік партызанскаму руху. Аднавіць зруйнаваны помнік да гэтай даты абяцалі мясцовыя ўлады.

Прычына банальная – адсутнасць сродкаў. Помнік разваліў з дазволу ўладаў прадпрымальнік, які арандуе Спораўскае возера, Анатоль Заблоцкі.

Па афіцыйнай версіі: помнік быў стары і мог зваліцца на дарогу. Абураныя вяскоўцы бачаць прычыну зусім у іншым.

“Помнік замінаў арандатару пад’язджаць да набытай сядзібы, якую плануе перарабіць у кавярню”, – кажа актывіст кампаніі “Гавары праўду”  Валянцін Лазарэнкаў:

 – Калі помнік валілі, то знайшліся і грошы і тэхніка. Было прапанавана аднавіць помнік тым самым арандатарам Заблоцкім… сёння вядома, што на тым самым месцы ён планаваў зрабіць сцежку да сваёй кавярні, і там павінны былі стаяць столікі, за якімі бы распівалі людзі піва.

Жыхары Спорава рыхтуюць заяву ў Бярозаўскі райвыканкам і Берасцейскі аблвыканкам. У заяве яны ўздымуць пытанне пра фінансаванне і абяцанае аднаўленне помніка.

* * *

Жыхарам былой партызанскай вёскі Спорава, што ў Бярозаўскім раёне як мясцовыя, так і раённыя ўлады перад 70-годдзем Перамогі зрабілі “падарунак”.  Яны дазволілі бізнесоўцу з Баранавіч Анатолю Заблоцкаму – арандатару Спораўскага возера, знесці помнік у гонар дзейнасці патрызанскага руху.

IMG_9692

Гэты помнік замінаў яму ў будоўлі чарговага аб’екта на месцы купленай сядзібы.

У першую чаргу гэта моцна абразіла 95-гадовага ветэрана вайны Сяргея Шындыча, які жыве па суседству і назіраў акт вандалізма з вакна свайго дома, кажа Сяргей Шындыч:

 – Каб я мог хадзіць, я бы набіў бы іх палкай: навошта яны гэта рабілі?

 – Я прыязджаю да мэра, гавару: “Аляксандр Васільевіч, а што гэта Вы робіце? Помнік здымаеце. Зараз 70 гадоў Перамозе. У Спораве 100 чалавек загінулі пад Варшавай. Моцная бітва была, “заходнікаў” кідалі ў першую чаргу. Ён сказаў: Я даў дабро, няхай здымаюць!”

 – Я Вася Пашкевіч – стараста царквы… Іван Паўлавіч, ён гэтым помнікам загадвае, ён раней быў настаўнік-ваенрук, я ў нядзелю ў царкве быў і сустрэў яго і ён мне сказаў: “Усё робяць грошы!”

У жыхароў Спорава засталася магчымасць несці кветкі 9 траўня на вясковы сметнік, дзе цяпер валяецца помнік. Ну, а яшчэ на прыступкі мясцовага Дома культуры, на якім у спешным парадку пасля скандала чыноўнікі замацавалі таблічку з помніка ў абноўленым варыянце.

Беларускае Радыё Рацыя