У супрацоўніка Радыё Рацыя канфіскавалі на мяжы кнігі



У супрацоўніка сайта Беларускае Радыё Рацыя на мытным пункце «Гродна-2» канфіскавалі друкаваныя выданні. Супрацоўнік радыё Аляксей Трубкін быў затрыманы на тры гадзіны для складання пратаколаў і дачы тлумачэнняў на гарадзенскім тэрмінале чыгуначнага вакзалу.

Інцыдэнт адбыўся ў ноч з пятніцы на суботу, хлопец як раз вяртаўся ў Беларусь цягніком «Малкін-Гародня». Мытнікам не спадабалася кніжка Анджэя Пачобута «System Białoruś» з фота Аляксандра Лукашэнкі на вокладцы, а пасля да яе далучылі «Агляд-хроніку парушэнняў правоў чалавека ў Беларусі за 2010 год» выдання праваабарончага цэнтра „Вясна”. Гістарычныя кнігі, якія таксама знайшліся ў заплечніку журналіста, мытнікаў не зацікавілі.«Агляд-хроніка» і кніга Пачобута засталіся ў мытнікаў – іх канфіскавалі паводле адмысловага акту. Далейшы лёс выданняў будуць вызначаць дзяржаўныя эксперты.

Беларускае Радыё Рацыя