У Свіслачы прайшоў фэст памяці паўстанцаў 1863 года (абноўлена)



У Свіслачы і Якушоўцы, дзе было радавое гняздо Каліноўскіх, грамадскія актывісты Гарадзеншчыны традыцыйна праводзяць агульнабеларускі фестываль «Дзень памяці паўстанцаў 1863 года».

https://www.youtube.com/watch?v=UcrSZ7_nbQw&feature=youtu.be

Каля сотні актывістаў, пераважна з заходніх рэгіёнаў Беларусі, ушанавалі тых, хто змагаўся за свабодную Беларусь. Адзін з выступоўцаў ля памятнага крыжа ў Якушоўцы Аляксандар Мех з сумам сказаў пра падмуркі сядзібы Каліноўскіх, якія за 24 гады незалежнасці так і не аднавілі:

– Каб пахаваць гісторыю, не трэба знішчаць помнікі, не трэба іх аднаўляць. Кожны год я прыязджаю сюды, падтрымліваю мясцовых хлопцаў, якія ладзяць гэтае свята, калі мы тут успамінаем паўстанне Кастуся Каліноўскага.

Што тычыцца паводзінаў уладаў, то, вядома, пасля кожнага такога нашага святкавання-ўспамінаў яны сустракаюць нас штрафамі ў судах за ўдзел у гэтых мерапрыемствах. Улада робіць усё так, каб зруйнаваць нашу гістарычную памяць. На гэтым месцы пакуль стаіць толькі падмурак.

Пасля выступаў Рыгора Кастусёва, Вячаслава Сіўчыка, Аляксея Янукевіча, Уладзіміра Хільмановіча ўсе ўдзельнікі зрабілі традыцыйны калектыўны здымак ля памятнага крыжа паўстанцам. Працягам мерапрыемства была культурная праграма, дзе выступілі Сяргей Чарняк, Зміцер Захарэвіч ды Алесь Дзянісаў.

Падчас Свіслацкага фэсту, які прымеркаваны да дня паўстанцаў 1863-га года, аказалася, што яшчэ не ўсе яго ўдзельнікі ведаюць пра Беларускае Радыё Рацыя і яго слухаць. Таму нашыя супрацоўнікі правялі рэкламнцю акцыю. Кажа адказны за рэкламную прамоцыю радыё Віктар Сазонаў:

– Зразумела, што Беларускае Радыё Рацыя заўсёды стараецца браць удзел у такіх акцыях, дзе збіраюцца неабыякавыя людзі. Яны праваднікі тых самых ідэй, якія ідуць з Беларускага Радыё Рацыя. Таму мы стараемся, каб нашы рэкламныя акцыі не прамінулі такія асяродкі. Вось і на гэтай акцыі мы раздавалі торбы Рацыі, рэкламную прадукцыю, каб яна пасля разышлася па ўсёй Беларусі. Менавіта на такіх святах збіраюцца найбольш актыўныя людзі, якія карыстаюцца гэтай прадукцыяй.

Падчас фэсту слухачы Беларускага Радыя Рацыя атрымалі рэкламную прадукцыю з  лагатыпам нашай станцыі.

* * *

Сёлета мерапрыемства прайшло ўжо 21 раз.

На месцы знаходзіцца наш карэспандэнт, Якуб Сушчынскі:

— Каля 100 чалавек з Гарадзеншчыны, Берасцейшчыны, Меншчыны прыехалі дзеля таго, каб ушанаваць памяць паўстанцаў 1863 года. Ужо прайшла акцыя ўскладання кветак ля магілы Віктара Каліноўскага, ідэалагічнага правобраза пачатку паўстання 1863 года, і ля магілы мясцовага актывіста Віктара Дзясяціка, намаганнямі якога 20 гадоў ладзіўся гэты фестываль. Таксама група ўдзельнікаў шэсця са сцягамі выступіла перад помнікам Рамуальду Траўгуту.

У Якушоўцы, родавай сядзібе Каліноўскіх, ля памятнага крыжа выступалі Павал Севярынец, Рыгор Кастусёў, Вячаслаў Сіўчык, Уладзімір Хільмановіч, Аляксей  Янукевіч.

Пасля гэтага пачалася нефармальная частка фэсту  з удзелам бардаў.

Само мерапрыемства прайшло пад пільным наглядам супрацоўнікаў дзяржбяспекі, міліцыі і іншых службаў. Фактычна праводзіць фэст яны не заміналі, але ўвесь час здымалі ўсё на свае камеры.

На фэст прыехалі грамадскія актывісты з Менску, Гародні, Берасця, Мастоўскага, Слонімскага, Ваўкавыскага, Дзятлаўскага, Лідскага, Кобрынскага раёнаў.

Пасля Якушоўкі ўдзельнікі фэсту накіраваліся ў лес, дзе адбыўся сяброўскі пачастунак і канцэрт. З сваімі песнямі выступілі Сяргей Чарняк з Ліды, Зміцер Захарэвіч  з Менску і Алесь Дзянісаў з Гародні. Фэст прайшоў пры рэкламнай падтрымцы Беларускага Радыё Рацыя. Культурная праграма прайшла пры падтрымцы Асамблеі няўрадавых арганізацый Беларусі.

 Беларускае Радыё Рацыя, Свіслач