У цэнтры Бярозаўкі прайшоў экалагічны пікет



Экалагічны пікет супраць шкодных выкідаў вытворчасці шкловаты адбыўся ў горадзе Бярозаўка Лідскага раёна.

DSCF5284635345

Грамадскі актывіст Вітольд Ашурак выйшаў у цэнтр горада са стэндам, які ў чарговы раз нагадаў жыхарам горада пра шкодныя выкіды вытворчасці надпісамі „Шкловата – смерць Бярозаўкі” і зваротам да дырэктара шклозавода „Нёман” „Бацян! Калі мы пачнем паміраць?”.

Па словах актывіста, такім чынам ён чарговы раз звяртае ўвагу беразаўчан на стан экалогіі пасля ўводу ў дзейнасць вытворчасці шкловаты, а так сама заклікае людзей адказных за вытворчасць і яе наступствы да кантруктыўнага дыялогу з жыхарамі горада:

– Наступствы проста ўражваюць – дзеці сталі хварэць часцей, сухі кашаль. На ўсе запыты рэакцыя ну проста шакуючая, яны хлусяць нам у вочы. Наступствы будуць яшчэ большыя, бо кашаль дзяцей гэта не самае страшнае, што нас чакае. Ужо відавочны ўплыў брудных выкідаў, якія ўплываюць на наша здароўе, ён проста каласальны. Бярозаўка проста смярдзіць гэтымі хімічнымі рэчывамі.   

Вытворчасць шкловаты была арганізавана на шклозаводзе „Нёман” у цэнтры горада Бярозаўка год таму. З таго часу горад і яго ваколіцы перыядычна напаўняе спецыфічны пах хімічных элементаў, якія выкарыстоўваюцца ў вытворчасці. Сярод іх звязуючыя рэчывы такія, як фенолы і фармальдэгіды, якія аказваюць шкодны ўплыў на здароўе людзей.

У сваю чаргу жыхары горада ў чарговы раз звярнуліся да мясцовых уладаў і да кіраўніцтва прадпрыемства з прапановай правесці сустрэчу на тэму экалагічнага стану ў Бярозаўцы пасля ўводу ў дзейнасць вытворчасці шкловаты.

Беларускае Радыё Рацыя