У „Краме Ц” распавядалі пра Кастуся Каліноўскага



Гарадзенская культурна-гандлёвая пляцоўка “Крама Ц”, што нядаўна адкрылася ў Гародні, правяла сустрэчу, прысвечаную Кастусю Каліноўскага і паўстанню 1863 года. Маладзёны, што трымаюць гэтую пляцоўку, спрабуюць у незвычайнай форме распавядаць пра гісторыю і культуру Беларусі, запрашаюць розных гарадзенскіх гісторыкаў і краязнаўцаў. Гэтым разам, каб паказаць рознабаковы погляд на гісторыю паўстання, выступілі Андрэй Вашкевіч і Аляксей Кайрыс. Пра тое, што для яго паўстанне 1863 года, Беларускаму Радыё Рацыя распавёў малады гісторык Аляксей Кайрыс:

– Займаюся паўстаннем ужо некалькі гадоў, дакладна, 4 гады. Для мяне самае цікавае, дык гэта новыя некаторыя рэчы ў біяграфіі Каліноўскага, якія мне ўдалося адшукаць, плюс мяне цікавіць побыт паўстанцаў, як увогуле падзеі адбываліся ў горадзе, перадпаўстанцкія маніфестацыі, розныя паводзіны людзей, паводзіны ўлады да гэтых людзей, падаўленне паўстання. І некаторыя персаналіі, таму што ёсць вельмі шмат паўстанцаў – і кіраўнікоў атрадаў, і ксяндзоў, і проста звычайных выбітных асоб, якія зусім не даследаваныя.

На сустрэчы ў “Крама Ц” ўжо былі гарадзенскія краязнаўцы Віктар Саяпін і Віктар Кірэеў, а на адну з бліжэйшых сустрэчаў маладзёны плануюць запрасіць звольненага з Гарадзенскага ўніверсітэта прафесара Вячаслава Шведа.

Беларускае Радыё Рацыя