У Варшаве прайшоў парад вышыванак



У Варшаве прайшло ўкраінскае шэсце вышыванак. Сотні ўдзельнікаў прайшліся цэнтральнымі вуліцамі польскай сталіцы ў нацыянальнай вопратцы.

2016-05-21_zavalnia_vysyvanki_fota (5)

Людміла Сакальска з “Еўрамайдана Варшава” гаворыць, што вышыванка сталася не проста народным сімвалам, а нечым абсалютна натуральным для ўкраінцаў:

– Вышыванка – гэта штосьці такое, з чым мы нарадзіліся. Гэта рэч матэрыяльная, але насамрэч яна знаходзіцца недзе глыбока ўнутры. Мне здаецца, што кожны чалавек павінен дайсці да такога ўзроўню, калі ён сам захоча апрануць вышыванку. Няма такога, што ты павінен і гэтак далей, проста ты адчуваеш такую патрэбу, што ты хочаш апрануць, хочаш насіць, хочаш ганарыцца, што ты ўкраінец.

Апроч украінцаў удзел у шэсці прынялі крымскія татары, палякі, і нават латышы. Былі на свяце таксама і беларусы. Алесь цяпер жыве і працуе ў Варшаве, і таксама прыйшоў на парад у сваёй вышыванцы:

– Вышыванка – гэта знак таго, што людзі шануюць свае карані. У Беларусі, як і ва Украіне, гэта цяпер модна, цяпер гэта трэнд і дадатковая магчымасць паказаць, што мы хочам быць беларусамі, хочам быць украінцамі, важна паказаць, што мы разам.

Апроч вышываных кашуляў на шэсці ў Варшаве неслі нацыянальныя сцягі і вышытыя ручнікі.

Адам Завальня, Беларускае Радыё Рацыя, Варшава

Фота аўтара