У Вілейскім раёне знайшлі цела зніклай мянчанкі



У Вілейскім раёне 1 снежня знойдзенае цела мянчанкі Таццяны Курсевіч 1984 года нараджэння, якая знікла 15 лістапада.

wx1080

Пра гэта 2 снежня было абвешчана на брыфінгу ў Следчым камітэце з удзелам прадстаўнікоў цэнтральнага апарата СК, упраўлення СК па Менску і МУС.

Паводле слоў намесніка начальніка ўпраўлення СК па Менску Яўгена Архірэева, 15 лістапада жанчына з’ехала з дому на машыне, адметнай прыкметай якой быў чырвоны бампер. У дзень паступлення заявы аб яе знікненні следча-аператыўная група абследавала кватэру зніклай і знайшла сляды, якія сведчаць пра ўчыненне ў адносінах да яе злачынства. 24 лістапада распачатая справа па частцы 1 артыкула 139 КК (забойства). У гэты ж дзень па падазрэнні ва ўчыненні злачынства быў узяты пад варту сужыцель зніклай. „Ён заяўляў пра сваю недатычнасць, казаў, што ў яго ёсць алібі, але высветлілася, што алібі ён фармаваў штучна”, — сказаў Архірэеў.

У пошуках былі задзейнічаныя супрацоўнікі міліцыі і валанцёры пошукава-ратавальнага атрада „Анёл”, дзякуючы якому, як адзначылі ўдзельнікі брыфінгу, і атрымалася раскрыць злачынства.

Паводле слоў начальніка крыміналістычнага аддзела цэнтральнага апарата СК Уладзіміра Шышко, труп быў знойдзены ў гаспадарчай пабудове аднаго з домаўладанняў ў Вілейскім раёне. Ён знаходзіўся пад зямлёй, месца было замаскіраванае. Цела выявілі з дапамогай геарадара.

Паводле слоў Архірэева, падазроны сваю віну не прызнае, уводзіў следства ў зман, казаў пра тое, што закапаў труп у лесе.

Іншых падрабязнасцяў па справе ўдзельнікі брыфінгу не паведамiлi ў інтарэсах следства.

belapan.by