У Вільні быў затрыманы Мікола Дзядок



Былы палітвязень браў удзел у пікеце перад будынкам расейскай амбасады. Як паведаміў Дзядок, дзевяць чалавек (сярод іх былі «анархісты, палітычныя ўцекачы і сацыяльныя актывісты») наладзілі пікет ля амбасады Расеі ў падтрымку палітвязня Ільдара Дадзіна, якога катуюць у турме, паведаміла svaboda.org.

Мікола Дзядок пачаў прамаўляць у мэгафон, аднак з’явіўся паліцыянт і, спасылаючыся на заканадаўства, прапанаваў пікетоўцам адыйсці на 80 метраў ад будынку. Пікетоўцы адмовіліся гэта зрабіць, паколькі, як патлумачыў Дзядок, з такой адлегласці іх не будзе чутна. Тады Дзядка і яшчэ двух пікетоўцаў затрымалі і адвезлі ў камісарыят паліцыі.

Праз тры гадзіны затрыманыя былі выпушчаныя. Дзядок свядчыць, што паліцыянты абыходзіліся з імі карэктна. Аднак у сераду ці ў чацвер яго могуць выклікаць для разгляду адміністрацыйнай справы. Зараз Дзядок вучыцца ў Еўрапейскім гуманітарным універсітэце ў Вільні.