У Вільні паказалі «Шэсць аргументаў супраць смяротнага пакарання»



7 кастрычніка ў Вільні ў Музеі ахвяраў генацыду (вул. Ауку, 2) адбылася дыскусія «Забойства па прысудзе», арганізатарамі якой выступілі Беларускі Дом правоў чалавека імя Барыса Звозскава і міжнародная няўрадавая арганізацыя Freedom House.

IMG_5303

Падчас дыскусіі адбыўся прэм’ерны паказ фільма «Шэсць аргументаў супраць смяротнага пакарання» з удзелам рэжысёра Віктара Трацякова, сцэнарыста Паліны Сцепаненка і каардынатара кампаніі „Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання ў Беларусі” Андрэя Палуды і Раісы Міхайлоўскай. Мадэратарам абмеркавання з’яўляўся Віціс Юрконіс, праектны дырэктар Freedom House ў Літве. У дыскусіі прымаў удзел прадстаўнік Міністрэства замежных справаў Літвы Жыгімантас Павіліоніс.

Удзельнікі дыскусіі прыйшлі да агульнай высновы: cмяротнае пакаранне, якое захоўваецца ў Беларусі, можа быць выкарыстана не толькі супраць крымінальных злачынцаў, але і ў адносінах да палітычных апанентаў.

Злачынствы камунізму не былі асуджаны ў Беларусі, і сучасная ўлада шмат у чым адчувае сябе спадкаемніцай той улады, якая здзяйсняла масавыя расстрэлы нязгодных.

Беларускае Радыё Рацыя