У Воршы Базыльянскі кляштар пачалі накрываць дахам



У самым цэнтры Воршы пачалі накрываць дахам адну з галоўных славутасцяў старажытнага горада – Базыльянскі кляштар, які грамадскасць патрабуе захаваць ужо дзесяць гадоў.

Будынак быў збудаваны ў ХVІІІ стагоддзі грэка-каталікамі. Затым надышлі цяжкія часы для ўніятаў, пры Расейскай імперыі кляштар быў перададзены праваслаўным. У 1960-я гады камуністы ўзарвалі манастыр, але, збудаваны ў свой час, ён быў настолькі якасны, што частка будынка захавалася і пасля выбуху. У 2005-м на падмурку манастыра аршанская міліцыя хацела пачаць будаўніцтва ізалятара часовага ўтрымання, аднак грамадскія актывісты не дазволілі гэтаму здарыцца. Выканаўчы камітэт горада перадаў Базыльянскі кляштар Віцебскай епархіі праваслаўнай царквы Маскоўскага патрыярхату, але за адзінаццаць гадоў царква так і не зрабіла нічога дзеля кансервацыі будынка. Падчас рэспубліканскага свята Дажынкі Базыльянскі кляштар, які праглядаецца са многіх месцаў Воршы, проста захінулі ў зялёную камуфляжную сетку, але нават пры гэтым несамавіты выгляд будынка даваўся ў знакі мінакам – аршанцам і гасцям горада.

Яшчэ ў 2009 годзе грамадскасць Воршы пачала скардзіцца на адсутнасць работаў у шматлікія інстанцыі. У 2011-м, праўда, была зацверджана дамова на рэстаўрацыю, а праз год з’явіўся і яе план. Аднак навуковы кіраўнік праекта рэстаўрацыі Мікалай Лук’янчык так і не атрымаў патрэбнай сумы грошай, таму працы былі спынены яшчэ на стадыі планаў. Цэлых сем гадоў праваслаўная царква адзначала ў сваіх лістах, што сродкаў на кансервацыю і далейшую рэстаўрацыю будынка манастыра базыліянаў яна не мае, паўставала лагічнае ў такіх выпадках пытанне: а навошта тады будынак перадалі царкве, а не больш заможнаму гаспадару, які давёў бы маляўнічае месца з вялікай гісторыяй да ладу? І гэта пры тым, што праваслаўнымі быў абвешчаны збор грошай на новую званіцу для іншай царквы, што знаходзіцца літаральна праз паўкіламетра ад занядбанага кляштара. Пра гэта мы пісалі раней.

Сітуацыя зварухнулася з месца толькі ў жніўні 2016 года. Пасля круглага стала, які адбыўся 28 ліпеня з прыцягненнем прадстаўнікоў Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь, царква нечакана знайшла грошы і праз дванаццаць дзён пачала накрываць будынак кляштара дахам. Фірма “ГрандПром-Мастер”, рабочыя з якой займаюцца дахам цяпер, адзначае, што кляштар будзе накрыты металапрофілем, прычым паспеюць зрабіць гэта да 23 жніўня. Накрываць дахам рабочыя сталі настолькі хутка, што працуюць нават па выходных днях.

Карэспандэнт нашага радыё прыехаў у Воршу, каб наведаць месца, на якім стаіць будынак колішняга Базыліянскага кляштара і засведчыць: работы па накрыцці дахам сапраўды вядуцца даволі інтэнсіўна.

Кастусь Багушэвіч, Беларускае Радыё Рацыя, Ворша

Фота аўтара