У Воршы ўзгадалі Алеся Шутава



Споўнілася сорак дзён з дня смерці палітычнага і грамадскага дзеяча Алеся Шутава. На могілках і ў ягоным доме ў Воршы, які ён абсталяваў пад офіс для дэмакратычных сілаў і моладзевых арганізацый, сабраліся людзі, якія ведалі яго асабіста і доўга працавалі разам. Старшыня Партыі БНФ Аляксей Янукевіч унікальнай якасцю Алеся Шутава вылучыў уменне спраўляцца з праблемамі ўласнымі намаганнямі. Праз гэта страта выглядае яшчэ больш незваротнай – гаворыць Аляксей Янукевіч:

— Па шчырасці? я доўгі час думаў, што ў Воршы вельмі глухая справа, бо спадар Алесь не прыязджаў і ніякім чынам не турбаваў. Часам гэта сведчыць пра тое, што арганізацыя амаль не працуе. Аднак, калі я прыехаў у Воршу першы раз, пазнаёміўся з ім, паглядзеў, дык аказалася, што арганізацыя працуе самадастаткова. Насуперак адгульнай тэндэнцыі, калі магчымасцяў працаваць усё меней, спадар Алесь здолеў і заўсёды меў такую здольнасць знаходзіць магчымасць для таго, каб мясцовая дэмакратычная супольнасць развівалася.

Алесь Шутаў цягам свайго жыцця, якое абарвалася на сорак шостым годзе, паспеў выдаць шмат газет, а затым працаваў над незалежнымі сайтамі, якія даносілі да аршанцаў рознабаковую інфармацыю. Паплечнікі Алеся Шутава кажуць, што напоўніцу ягоны ўнёсак у краязнаўства, грамадскае і палітычнае жыццё Аршаншчыны яшчэ належыць ацаніць.

Кастусь Багушэвіч, Беларускае Радыё Рацыя