У вёсцы Гожа перакрылі ўсе вулічныя калонкі



Частка жыхароў вёскі Гожа Гарадзенскага раёна пазбаўленыя водазабяспячэння. Людзі засталіся без вады, бо камунальнае прадпрыемства “Мяжа” ліквідавала вулічныя калонкі. У вясковых  калодзежах вада адсутнічае ўжо некалькі гадоў па прычыне кар’ерных распрацовак камбіната будаўнічых матэрыялаў і няўдалай меліярацыі, якая ў свой час ажыццяўлялася на землях калгаса. Мясцовыя жыхары кажуць, што адсутнасць вады найбольш балюча адбіваецца на людзях сталага веку:

– Загад сверху прыйшоў: закрыць! І ў нас усе калонкі закрылі. Але ў нас ёсць шмат пенсіянераў, якія ледзь перасоўваюцца, ёсць і ляжачыя, якія не могуць устаць. Хто ім прынясе вады? Дзе ім браць? А яны заглушылі ўсе калонкі, і рабіце што хочаце. Яны ўсё тут перакрылі. Ніхто нічога не патлумачыў. Узялі перакрылі і ўсе справы.

– Сказала, вы мне зрабіце дамову, у мяне ў двары калонка, і я буду плаціць кожны месяц за калонку.

Невырашальнай праблемай для жыхароў Гожы з’яўляецца і якасць пітной вады. Сістэма водазабяспячэння, якой больш за сорак гадоў, знаходзіцца ў кепскім тэхнічным стане, што з’яўляецца прычынай дрэннай якасці пітной вады. У выніку мясцовыя жыхары карыстаюць ваду пераважна ў тэхнічных мэтах.

Беларускае Радыё Рацыя