У Юрыя Рубцова нервовы зрыў



Былога беларускага палітвязня Юрыя Рубцова, які папрасіў прытулку ў Германіі, перавялі ў Нюрнбергу з адной мэдычнай клінікі ў другую для абследавання. Юры Рубцоў з жонкай пажылі ў намёце і спортзале, цяпер маюць пакой

Нямецкія дактары ў Нюрнбергу працягваюць назіраць за Юрыем Рубцовым і даследуюць стан здароўя палітуцекача з Беларусі, які паступіў да іх 14 снежня. «У яго быў нервовы зрыў, але што дакладна стала прычынай, мы цяпер высвятляем. Таксама праводзім ягонае мэдычнае абследаванне», — такія словы лекара з клінікі ў Нюрнбергу цытуе сын Юрыя Рубцова Віктар.

Віктар Рубцоў апавёў „Радыё Свабода” пра вынікі размовы сваёй маці Ядвігі, жонкі Юрыя Рубцова, з расейскамоўным лекарам, які апякуецца хворым.

«Лекар сказаў, што бацька будзе знаходзіцца ў клініцы не меней за 6 тыдняў. Умовы там добрыя, яму даюць усё неабходнае. Спадзяёмся, яму стане лепш. Лекары лічаць, што у яго быў нервовы зрыў, што гэта дакладна было не сэрца. І кажуць, што цяпер яму лепш, але патрэбны спакой. Наведаць яго пакуль не дазваляюць, усе кантакты пакуль будуць праз лекара. Маці сказала, што будзе чакаць ягонай выпіскі з клінікі ў Нюрнбергу. Ёй таксама цяжка адной, у лагеры, але сказала, што будзе чакаць, колькі трэба», — паведаміў Віктар Рубцоў.

Віктар Рубцоў падзякаваў за дапамогу беларусам і ўсім тым, хто адгукнуўся на звесткі пра тое, што ягоны бацька ў Нюрнбергу трапіў у складанае становішча. «Асаблівая падзяка дзяўчыне па імі Карына, якая жыве ў Гамбургу ці ў Дрэздэне, дакладна не ведаю. Карына моцна дапамагла маці, вялікі ёй дзякуй».

14 снежня былога беларускага палітвязня Юрыя Рубцова хуткая дапамога забрала ў медычную клініку Нюрнбергу з лагеру для ўцекачоў. Напярэдадні Юры Рубцоў змясціў у сацыяльных сетках допіс суіцыднага характару. Сваякі Рубцова, у тым ліку ягоная жонка Ядвіга, якая разам з ім знаходзіцца ў лагеры для ўцекачоў, не выключалі, што ў яго захварэла сэрца.

У кастрычніку былы палітвязень Юры Рубцоў і ягоная жонка Ядвіга прыехалі ў Франкфурт, дзе падалі заявы на атрыманне ў Германіі палітычнага прытулку. Да пераводу ў Нюрнберг Рубцовы пабывалі ў некалькіх лагерах для ўцекачоў, у тым ліку жылі ў намёце і ў спартовай зале. Ядвіга Рубцова назвала ўмовы ў лягеры ў Нюрнбергу «вельмі цяжкімі»: «Тут фактычна няма падзелу на дзень і ноч, бо калі адныя спяць, другія ходзяць, трэція размаўляюць», — апавяла Ядвіга Рубцова. Таксама ўцякачка паскардзілася на недахоп кантактаў у лагеры з прычыны няведання замежных моваў.

Юры Рубцоў — былы палітвязень з Гомеля, які неаднаразова публічна патрабаваў адстаўкі Лукашэнкі і быў асуджаны беларускім судом спачатку на 1,5 году «хіміі», а потым на 2 гады зняволення.