У Зэльве ўшанавалі Ларысу Геніюш



У нядзелю, 7 жніўня, на зэльвенскіх могілках ушанавалі вядомую беларускую паэтку і змагарку Ларысу Геніюш.

IMG_1137

Не згінай мяне, я не сагнуся,

Не баюся ні страхаў, ні зла.

Нездарма я з зямлі беларускай

Непахіснай сасною ўзрасла…

Вершы знакамітай беларускай паэткі Ларысы Геніюш гучалі на яе магіле ў Зэльве напярэдадні 106 угодкаў з дня народзінаў, які святкуецца 9 жніўня. Жыхары Слоніма і  Свіслачы  ўшанавалі памяць нязломнай змагаркі за беларускасць, разгарнуўшы над месцам яе пахавання бел-чырвона-белыя сцягі. Як зазначае адзін з ініцыятараў акцыі, грамадскі актывіст Юры Глебік, жыццё і творчасць Ларысы Геніюш з’яўляюцца яскравым прыкладам  любові да Беларусі і яе народа:

– Пра гэтага чалавека трэба думаць заўсёды, бо яна мусіць быць эталонам для ўсіх беларусаў. Яна ўсё жыццё думала пра Беларусь і жыла для Беларусі.

– Яна была беларускай. Больш за 30 год яе няма з нам. Для ўсіх нас яна застаецца прыкладам.

Ларыса Геніюш нарадзілася 9 жніўня 1910 года ў вёсцы Жлобаўцы Ваўкавыскага раёна. З 1937 па 1948 год жыла ў Чэхіі. Там была арыштавана і перададзена савецкім уладам. Атрымала 25 гадоў зняволення, якія адбывала ў лагерах Комі АССР. Пасля вызвалення пасялілася на радзіме мужа ў Зэльве. Да гэтага часу не рэабілітавана. Цяперашнія беларускія ўлады  не дазваляюць друкаваць вершы Ларысы Геніюш у школьных падручніках і афіцыйных выданнях.

Беларускае Радыё Рацыя, Зэльва

* * *

Пад бела-чырвона-белымі сцягамі на яе магілу і магілу яе мужа Янкі Геніюша ўсклалі кветкі і запалілі знічкі грамадскія актывісты і журналісты са Слоніма, Свіслачы і Гародні.

IMG_1124

IMG_1128

IMG_1131

IMG_1141

IMG_1150

Барыс Баль, Беларускае Радыё Рацыя, Зэльва

Фота аўтара