У Жодзіне зафіксаваны факт галасавання па расейскім пашпарце



Незалежным назіральнікам Аляксеем Лапіцкім на УВК №9 Будаўнічага выбарчага ўчастку зафіксаваны выпадак галасавання па расейскім пашпарце.

У сувязі з гэтым праваабаронцам складзены Акт аб зафіксаваных фактах і пададзена заява ва УВК №9 для вызначэння дадзенага выпадку як парушэння ВК Рэспублікі Беларусь ды пераправерцы спісаў выбарнікаў, выпраўленьня звестак у іх для папярэджання падобных правапарушэнняў у далейшым да моманту асноўнага дня галасавання.

Незалежны назіральнік заўважыў, што на ўчастку з’явіліся два суб’екты, адзін з якіх прагаласаваў вельмі няўпэўнена, быццам у першы раз, хоць яму было зусім ужо не 18 год.

На выхадзе з будынку “Моладзевага Цэнтру”, дзе месціцца выбарчы ўчастак, той, хто прагаласаваў, усміхаючыся, заўважыў свайму прыяцелю: “Вот у них так всё это происходит …”.

Гэта ўсё падалося дзіўным, і назіральнік, выйдзя на вуліцу, задаў некалькі пытанняў абодвум.

Дазволіла прагаласаваць па расейскім пашпарце Дана Волкава, намесніца старшыні ўчастковай камісіі, якая раней таксама рабіла выверку спісаў выбарнікаў і потым, пасля фіксацыі назіральнікам дадзенага правапарушэння, пацвердзіла факт пражывання гэтай асобы без грамадзянства ў доме непадалёк ад будынку “Моладзевага Цэнтру”.

Дадзены факт, сапраўды, можа сведчыць пра сур’ёзныя праблемы з выбарчымі спісамі, якія ўтрымліваюць гэткія грубыя памылкі, а таксама пра заганную практыку выбаркамаў, пры якой камісіі свядома ў такіх выпадках быццам бы не заўважаюць наяўных праблемаў.

Алесь Лета Фота Аляксея Лапіцкага