Удзельнік гомельскага Першамая: Як у канцлагеры



Дазволеная акцыя ў Гомелі адбылася за агароджай, пад камерамі відэаназірання і пільным кантролем супрацоўнікаў правааўхоўных органаў. Большасць удзельнікаў не заходзіла ўнутр тэрыторыі, выдзеленай уладамі горада для правядзення апазіцыйнага Першамая.

Міліцыянты пільна даглядалі тых, хто спрабаваў патрапіць за агароджу, не прапускаючы нікога з бел-чырвона-белымі сцягамі. Таксама па перыметры правядзення акцыі былі расстаўлены відэакамеры, якія ў рэжыме анлайн перадавалі выявы ўдзельнікаў у аператыўны цэнтр.

На мерапрыемстве прысутнічаў пенсіянер Уладзімір Мышак, які ў малагадовым узросце быў вязнем нацыстоўскага канцлагера Азарычы: – Мы цяпер дажылі да таго, што сапраўды знаходзімся як у канцлагеры. Нас адкінулі на многа гадоў назад. Раней людзі змагаліся за правы чалавека, а цяпер адбіраюць тое, што мы заваявалі.

У санкцыянаванай уладамі акцыі, прымеркаванай да Міжнароднага дня працоўных, паўдзельнічала каля сотні гамельчукоў. Мерапрыемства адбывалася каля дома кульуры “Віпра”.

Падчас акцыі міліцыянты падыходзілі да журналістаў і папярэджвалі пра тое, што, паводле артыкула 22.9 Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях, нельга распаўсюджваць інфармацыю. Прынамсі, журналіста Радыё Рацыя Міколу Бянько прадстаўнік прэс-службы УУС Гомельскага аблвыканкама папярэдзіў, што будуць нейкія санкцыі ў дачыненні да журналіста, калі той не спыніць працы.

Першамайскую акцыю ў Гомелі наведаў палітык Віталь Рымашэўскі. Ён сказаў, што яго па дарозе шэсць разоў спынялі міліцыянты па розных надуманых падставах, нават адзін раз аштрафавалі.

Напярэдадні і пасля мерапрыемства міліцыянты затрымалі журналістаў, блогераў і актывістаў.  

Беларускае Радыё Рацыя, Гомель