Угодкі забойства праваслаўнага святара Івана Аляхновіча



5 верасня – чарговыя ўгодкі з дня жорсткага забойства ў мясцовасці Ракавічы (сённяшні Шчучынскі раён Гарадзенскай вобласці) бандытамі праваслаўнага святара Івана Аляхновіча і ягонай жонкі – матушкі Вольгі.

Aliahnovichy

Матушка Вольга і айцец Іаан Аляхновічы

У 1943 годзе па тэрыторыі Лідскага павету пракацілася цэлая хваля забойстваў фармаваннямі Арміі Краёвай людзей беларускай арыентацыі, скіраваных на адраджэнне беларускасці. Пры тым некаторыя акаўцы забівалі не толькі беларускіх актывістаў, а цэлыя сем’і, разам з жонкамі і дзецьмі. Ішла другая сусветная вайна, вялікая катастрофа Еўропы. Пасля ж вайны многія старонкі таго жудаснага часу забыліся альбо сведама сціраліся з памяці.

Факты забойстваў на тэрыторыі Лідскага павету акаўцамі беларусаў паводле нацыянальнай і канфесійнай прыналежнасці збіраў светлай памяці лідскі краязнавец Уладзімір Хрышчановіч. Некаторыя з сабраных фактаў ён надрукаваў у сваім апошнім артыкуле ў часопісе “Лідскі летапісец” за 2013 год. Хрышчановіч піша, што атрымаў ад Вітаўта Кіпеля ліст з копіяй старонак часопіса „Беларуская думка”, № 1, кастрычнік 1960 г. (Нью-Ёрк, Саўт-Рывер, ЗША), на якіх паказана агульная сітуацыя на Лідчыне ў 1941-1944 гг.

Вось як апісваецца там сітуацыя датычная гісторыі, што здарылася ў Ракавічах. Падаем змест паводле арыгінальнага правапісу (падзеі у той публікацыі кажуць пра 1942 год, хоць іншыя крыніцы падаюць менавіта 1943-і):

“У красавіку 1942 г. у мястэчку Васілішкі быў заснаваны паветавы аддзел Беларускай Народнай Самапомачы (БНС), на чале якога стаў настаўнік Юльян Груцкі. Тады ж быў прысланы на становішча школьнага інспэктара Шляхтун, стары беларускі настаўнік, які за часоў польскага панаваньня не атрымаў працы настаўніка, бо быў беларусам. Распачалася арганізацыя беларускіх школаў. У травені 1943 г. у Забалацьці быў заснаваны валасны аддзел БНС. Пачалася паступовая замена палякаў беларусамі ў адміністрацыі.

На гэту арганізацыйную беларускую нацыянальную дзейнасьць палякі адказалі сваім крывавым тэрорам, ажыцьцяўляючы сваё спозненае вынішчэньне беларусаў.

У нядзелю 19 чэрвеня 1942 г. паветавы старшыня БНС у Шчучыне, ён жа і дырэктар настаўніцкае сэмінарыі, Пётр Рандарэвіч зарганізаваў Сьвята Моладзі на беразе Нёмана, у 7 км ад Шчучына. Пасьля імпрэзы, ейныя кіраўнікі Рандарэвіч, Груцкі і Шляхтун зайшлі на вячэру да мясцовага сьвятара. Пад час вячэры, у памешканьне сьвятара ўварвалася некалькі ўзброеных палякаў, якія зажадалі ад прысутных дакумантаў. Шляхтун і Груцкі паказалі свае настаўніцкія пасьведчаньні, й іх не чапалі, але Рандарэвіча забралі, завялі ў жыта і застрэлілі.

На наступны дзень – 20 чэрвеня – інспэктар Шляхтун і настаўнік Груцкі раніцай варочаліся на самакатах дамоў. Не даязджаючы 4 км. да Васілішак, яны былі затрыманы палякамі-паліцэйскімі з Васілішак, заведзеныя ў жыта і застрэленыя. Самакаты засталіся на дарозе. Калі аб зьнішчэньні данесьлі ў паліцыю, дык дасьледваньне было праведзена фармальна, і ніхто ня быў выкрыты. Праз тыдзень сяляне знайшлі трупы замардаваных па цяжкім паху і данесьлі ў паліцыю. Паліцыя прывязла трупы ў Васілішкі і з кпінамі казала, што гэта „падла” засмуродзіла ўсё мястэчка.

Па некаторым часе на прыходзе Турэйск, каля Шчучына, быў замучаны на сьмерць са сваёй матушкай сьвятар Іван Аляхновіч”.

Святар Іван Аляхновіч нарадзіўся 15 студзеня 1886 году ў мястэчку Докшыцы (цяперашні раённы цэнтр Віцебскай вобласці). Працаваў на паштова-тэлеграфнай станцыі па сваёй першай адукацыі. У час першай сусветнай вайны быў начальнікам палявога тэлеграфнага аддзялення ў расейскай арміі. У 1919-ым прызначаны псаломшчыкам Віленскага кафедральнага сабора, быў іпадыяканам. У 1921-ым скончыў багаслоўскія класы Віленскай духоўнай семінарыі, рукапакладзены ў сан іерэя. Служыў настаяцелем у Жыжме (цяперашні Івейскі раён). У 1924-ым пераведзены ў мястэчка Дакудава (Лідскі раён). У 1930-34 служыў у вёсцы Сарокі (Глыбоцкі раён), працаваў у Глыбоцкай польскай гімназіі. Са студзеня 1934-га – у мястэчку Івянец (Валожынскі раён). У верасні таго ж году прызначаны настаяцелем царквы ў Турэйску на Шчучыншчыне. Адначасна служыў у царкве Нараджэння Божай Маці ў Ракавічах. 5 верасня 1943-га году разам з матушкай Вольгай быў па-бандыцку забіты. Пахаваны ў Шчучыне.

Carkva-Rakavichy

Царква ў Ракавічах, у якой служыў Іван Аляхновіч, сучасны выгляд

Падрыхтаваў Уладзімір Хільмановіч, Беларускае Радыё Рацыя