Украінска-расейскі музычны скандал



Паміж Украінай і Расейскай Федэрацыяй разгараецца новы канфлікт – гэтым разам музычны. Прычынай канфлікту стала перамога крымска-татарскай спявачкі Джамалы ў нацыянальным адборы Украіны на міжнародны спеўны конкурс «Еўрабачанне-2016».

Крымская татарка Джамала будзе прадстаўляць Украіну з песняй «1944», у якой расказваецца пра дэпартацыю крымскіх татараў ў 1944 годзе. Але ж у Маскве мяркуюць, што гэтая перамога крымскай татаркі наўмысна сфальшаваная ў Кіеве для таго, каб пацвяліць Расею. Так, першы намеснік старшыні камітэта Дзяржаўнай Думы па інфармацыйнай палітыцы Уладзімір Дзеньгін заявіў, што ў большасці грамадзянаў Украіны няма грошай на аплату электрычнасці і таму яны проста не маглі глядзець тэлевізійны адбор і галасаваць.

«Спадзяюся, што кіраўніцтва Еўрабачання падобныя рэчы не дапусціць на тэрыторыі свайго конкурса», — прагназуе расейскі дэпутат Дзеньгін.

Такая рэакцыя ў Маскве ўжо спарадзіла ва Украіне нямала жартаў. Так, напрыклад, прапануецца замест Джамалы паслаць на Еўрабачанне хор харкаўскіх ультрас з усім вядомай песенькай пра Пуціна.

https://www.youtube.com/watch?v=zyl4mujkmAk&feature=youtu.be

Марцін Война, Беларускае Радыё Рацыя