Украінцы пра беларускія выбары: «Усё ўжо вырашана без вас»



Парламенцкія выбары, якія адбываюцца ў Беларусі, не выклікаюць вялікай цікаўнасці ў жыхароў суседняй Украіны. Беларуская дыяспара таксама не ў захапленні ад гэтага працэсу. Украінскія назіральнікі выдатна ведаюць і пра тое, як у нашай краіне заганяюць на датэрміновае галасаванне студэнтаў, і пра адміністрацыйны рэсурс,  і пра шматлікія фальшаванні з боку выбарчых камісій.

Што думаюць пра парламенцкія выбары ў Беларусі нашыя суседзі? Наш карэспандэнт Марцін Война распытаў жыхароў Чарнігава, які знаходзіцца непадалёк беларуская мяжы.

Час ад часу бачу і чытаю беларускія сродкі масавай інфармацыі. Ведаю, як праходзілі мінулыя выбары ў Беларусі. А таму згадваю жарт: «А што цяпер будзе? – Выбары Лукашэнкі! Мяркую, што і гэтыя выбары будуць нечым падобным. Як выбары таго ж самага Лукашэнкі. Каго той Лукашэнка ў дэпутаты прызначыць – таго і абяруць. У Беларусі ўсё пад жорсткім кантролем, няма ніякай барацьбы, усё, што цяпер там адбываецца – мішура, і замыльванне вока.

— Мяркуючы па тым што я чытаю ў сродках масавай інфармацыі, як украінскіх, так і сусветных, відавочна, што выбары ў Беларусі будуць такімі ж, як за часамі СССР: каго напішуць, за таго і прагаласуюць.

— Гляджу я на вас, беларусаў, і здзіўляюся: прыязджаеце ў Чарнігаў, расказваеце, як у вас там у Гомелі ўсё пагана, якія кошты высокія і зарплаты малыя, а потым ідзяце на тыя выбары і галасуеце за таго, на каго вам улады пальцам пакажуць. Пакуль у вас ва ўладзе Лукашэнка, ніякіх выбараў і ніякіх зменаў не будзе. Ганіце яго паганым памялом і думайце, як будаваць вашу краіну далей! Мы вось Януковіча выгналі. Не скажу, што жыццё палепшылася, але ж Украіна хоць мае якія перспектывы. А ў вас там балота.

— Мне, як украінцу дзіўна: у вас там прэзідэнт абіраецца, як цар, ці што? Мяркую, нешта падобнае будзе і з парламентам. Неяк недэмакратычна. Прынамсі, як я бачу адсюль, з Украіны. Так, я іншым разам сачу за падзеямі ў суседняй краіне. Што трэба рабіць? Як і нам, украінцам: змагацца з унутраным «саўком». І як мага падалей трымацца ад Расеі. Кожная нацыя мае права на ўласны шлях.

— Наколькі мне вядома, у Беларусі няма дэмакратыі, як з’явы. Да таго ж, і газеты, і тэлевізія, і выканаўчая і заканадаўчая ўлады, знаходзяцца пад кантролем невялічкай групоўкі людзей, якую ўзначальвае цяперашні прэзідэнт. Таму ні пра якія дэмакратычныя выбары не можа весціся і гаворкі. Гэта проста фарс. Давялося нядаўна быць у Гомелі. Народ там нейкі змрочны. Калі кажаш, што з Украіны – адразу замыкаюцца, нават абмяркоўваць не хочуць тую «палітыку»…

Выбары ў беларускую Палату прадстаўнікоў не выклікаюць асаблівай цікаўнасці і ў беларускай дыяспары ва Украіне – як у тых нашых землякоў, якія маюць украінскае грамадзянства, так і ў тых, хто захаваў беларускі пашпарт.

Вось як ацэньвае выбары ў беларускую Палату прадстаўнікоў Сяргей Багукалец:

У Беларусі няма выбараў. Іх не было ні мінулым разам, іх няма і цяпер. Выкарыстоўваецца адміністрацыйны рэсурс, ёсць фальшаванні. Апазіцыя ў Беларусі слабая і кантралюецца ўладай. Усе апошнія дваццаць гадоў адна і тая ж карціна. Мы не бачым аніякіх зрухаў, а таксама падстаў, якія дазволяць спадзявацца змяніць гэтую ўладу.

Нагадаем, што шматлікія парушэнні з боку ўладаў на прэзыдэнцкіх выбарах 2004 года спрычыніліся да Першага Майдана, па выніках якога ўкраінскі Цэнтрвыбаркам быў змушаны пералічыць галасы выбаршчыкаў і абвесціць прэзідэнтам Украіны Віктара Юшчанку.

Марцін Война, Беларускае Радыё Рацыя