Улады Берасця дазволілі дэмсілам правесці акцыю ў Дзень Волі



Берасцейскі гарвыканкам дазволіў дэмакратычным сілам рэгіёна правесці акцыю ў Дзень Волі. Пра гэта паведаміў БелаПАН заяўнік акцыі — кіраўнік Берасцейскай абласной арганізацыі Партыі БНФ Дзмітрый Шыманскі.

Мэта мерапрыемства — святкаванне гадавіны абвяшчэння Беларускай Народнай Рэспублікі, абмеркаванне і выказванне грамадзянамі свайго стаўлення да праблем эканамічнага і палітычнага жыцця краіны.

„Мы будзем патрабаваць вызвалення ад адміністрацыйнай адказнасці ўсіх асуджаных удзельнікаў мірных пратэстаў супраць дэкрэта № 3 і поўнай яго адмены, — дадаў Шыманскі. — Акрамя гэтага, ёсць праблемы з абаронай інтарэсаў брэстаўчан пры прыняцці рашэнняў на ўзроўні гарвыканкама. Нярэдка меркаванні жыхароў ігнаруюцца. Таксама мы лічым, што сёння грамадства пазбаўленае магчымасці змяніць уладу праз выбары, якія праходзяць непразрыста. Рашэння гэтых праблем мы таксама будзем патрабаваць ад улады”.

Паводле яго слоў, 25 сакавіка ўдзельнікі мерапрыемства да 12.00 збяруцца на скрыжаванні праспекта Машэрава з бульварамі Касманаўтаў. Затым яны па тратуарах і пешаходных пераходах пройдуць па праспекце Машэрава, па вуліцах Савецкай і Будзённага да плошчы Свабоды. Там адбудзецца мітынг, на які запрошаныя прадстаўнікі Брэсцкага гарвыканкама. Заканчэнне мерапрыемстваў у 15.00.

Для падрыхтоўкі і правядзення акцыі створаны арганізацыйны камітэт. У яго ўвайшлі прадстаўнікі абласных структур Партыі БНФ, Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада), Аб’яднанай грамадзянскай партыі, руху „За Свабоду”, незалежных прафсаюзаў, шэрагу грамадскіх арганізацый і ўстаноў рэгіёна.

Шэсце пройдзе пад бел-чырвона-белымі сцягамі, сімволікай партый і арганізацый членаў аргкамітэта. Выкарыстанне транспарантаў прадугледжанае толькі падчас мітынгу на плошчы Свабоды.

БелаПАН