Улады не спыняюць пераследу 72-гадовай пенсіянеркі



Улады не спыняюць пераследу 72-гадовай пенсіянеркі Вольгі Юнкевіч нават пасля таго, як у яе здарыўся інфаркт. У траўні гэтага году яна выйшла на адзіночны пікет у Менску з плакатам „Адпіскі чыноўнікаў разбурылі маю сям’ю”.

Па словах праваабарнцы, юрыста Тамары Сяргей, міліцыя не перашкаджала яго правесці, не папярэджвала аб парушэнні заканадаўства. Аднак на пенсіянерку завочна быў складзены пратакол. А потым у судзе Цэнтральнага раёну адбыўся разгляд справы без удзелу самой Вольгі Юнкевіч. Суддзя Вікторыя Шабуня завочна аштрафавала пенсіянерку на 30 базавых велічынь (630 рублёў).

– Вольга Аляксееўна абскардзіла пастанову ў Менскім гарадскім судзе. Але атрымала моцны стрэс, і відаць з-за гэтага захварэла, аказалася з інфарктам у рэанімацыі. Хварэе дагэтуль. Пры гэтым старшыня Менскага гарадскога суда вярнуў ёй назад скаргу, не прыняў, бо быццам бы яна прапусціла тэрмін.

Хаця ў сваёй скарзе Вольга Юнкевіч падкрэсліла, што прапусціла законны тэрмін абскарджвання, таму што ёй не паведамілі аб часе суду.

Зараз Вольга Юнкевіч знаходзіцца на лячэнні. І з грошай, якія яна атрымлівае па лісце аб непрацаздольнасці, вылічваюць штраф. „Гэта сведчыць, наколькі цынічна і брутальна дзейнічаюць чыноўнікі і суддзя. Галоўнае для іх не выкананне фармальных працэдур. Галоўнае – забраць у людзей грошы,” – лічыць Тамара Сяргей.

Генадзь Барбарыч, Беларускае Радыё Рацыя