Улады пашырылі спіс ільготнікаў для арэнды нерухомасці



Урад Беларусі ўнёс дапаўненні і змены ў пералік грамадскіх арганізацый (аб’яднанняў) і іх арганізацыйных структур, фондаў, аб’яднанняў юрыдычных асоб і (або) індывідуальных прадпрымальнікаў (асацыяцый і саюзаў), для якіх пры арэндзе нерухомай маёмасці да базавых ставак прымяняецца паніжальны каэфіцыент 0,1. Адпаведнае рашэнне ўтрымліваецца ў пастанове Савета міністраў ад 11 ліпеня 2016 года № 537.

Як паведамляе прэс-служба ўрада, у пералік дадаткова ўключаны 13 спартыўных грамадскіх арганізацый, дзейнасць якіх накіравана на стварэнне ўмоў для развіцця фізкультурна-аздараўленчай і спартыўна-масавай работы, забеспячэнне ўдзелу беларускіх спартсменаў у міжнародных спаборніцтвах, выяўленне адораных дзяцей і падрыхтоўку спартыўнага рэзерву, прапаганду фізічнай культуры і спорту, здаровага ладу жыцця, падтрымку ветэранаў спорту. У іх ліку — беларускае грамадскае аб’яднанне „Ветэраны фізічнай культуры і спорту”, дзіцячая грамадская арганізацыя „Беларуская рэспубліканская скаўцкая асацыяцыя” і іншыя.

Акрамя гэтага, пералік дапоўнены арганізацыямі, якія ажыццяўляюць сваю дзейнасць у галіне сацыяльнай абароны і аказання дапамогі пэўных катэгорый насельніцтва, якія маюць патрэбу ў сацыяльнай падтрымцы. Сярод іх — міжнароднае грамадскае дабрачыннае аб’яднанне „Незалежная дапамога дзецям”, грамадскае аб’яднанне дапамогі дзецям з асаблівасцямі развіцця і іх сем’ям „Асаблівае дзяцінства” і іншыя.

Пастанова набывае моц пасля яе афіцыйнага апублікавання.

belapan.by