Улады ў Жодзіне зноў забаранілі Купалле



Як па загадзе чыноўніка ў Жодзіне адміністратыўнымі метадамі метадычна вынішчаецца старажытная беларуская традыцыя. Каму ў горадзе БелАЗаў гэта неабходна?

Са спасылкай на „горкі досвед” таго, што „апошнія некалькі год” свята ў Жодзіне нібыта зводзілася да „банальнае п’янкі” з „шматлікімі правапарушэннямі” і „непадпарадкаваннем законным патрабаванням супрацоўнікаў міліцыі”… у Жодзіне чарговы раз (другі год запар) забаранілі святкаваць Купалле.

Прыніжаючы само народнае свята і называючы яго са здзекам у грэблівым кантэксце „купальскімі ночкамі”, афіцыйная газета гарвыканкаму „Жодзінскія Навіны” звяртае ўвагу аж на нейкія „масавыя беспарадкі”, а таксама на „непрыемны асадак” пасля мерапрыемства, наракае на тое, што пра „стан гарадскога пляжу”, як высветляецца, гарадскія „камунальныя службы” на наступны дзень „і ўзгадваць не хочуць”.

Вось і атрымліваецца, што раней у гэтай справе ўсё было значна лепей. А вось толькі „апошнія некалькі гадоў” здарылася такая бяда – для правядзення Купальскага народнага свята зьніклі ўмовы ў Жодзіне.

Для Беларускага Радыё Рацыя Алесь Лета.

Фота: Аляксей Лапіцкі