Улады збіраюцца апісваць маёмасць «дармаедаў»



На брыфінгу ў Гомельскім аблвыканкаме начальнік галоўнага ўпраўлення юстыцыі Валянцін Макарэвіч распавёў, што выпадкаў вопісу маёмасці ў тых, хто не заплаціў падатак на «дармаедства», пакуль не было, такая працэдура можа пачацца не раней за 1 ліпеня, паведамляе kp.by.

Да гэтага часу падатковым інспекцыям дадзены тэрмін для падрыхтоўкі матэрыялаў для прымусовага выканання рашэнняў:

– Пасля таго, як падатковы орган зразумее, што грамадзянін злосна ўхіляецца, не жадае аплачваць, натарыусу перадаецца неабходны пакет дакументаў, ён робіць выканаўчы надпіс, пасля чаго гэтыя дакументы накіроўваюцца ў аддзел прымусовага выканання.

Тэарэтычна працэдура можа прайсці праз суд, калі падатковая складзе адміністрацыйны пратакол.

Але ў суд справа можа быць накіравана толькі ў тым выпадку, калі грамадзянін не заплаціў ні капейкі. А калі хаця б мінімальная сума выплачаная, суд не можа разглядаць такія справы, – адзначыў юрыст.

Ён дадаў, што нават пасля пачатку выканаўчага працэсу даўжніку дадуць тэрмін для добраахвотнай выплаты збору. Калі той зноў не заплаціць – будзе апісана маёмасць, але і пасля гэтага даецца дадатковы час для добраахвотнай выплаты.